Анатоль Глаз: Менск гатовы на жорсткія меры ў адказ
Закрытыя кансультацыі членаў Савета бяспекі ААН па сітуацыі з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі і Еўразвязу — гэта „штучна зрэжысаванае мерапрыемства”, сэнс якога быў у тым, каб „чарговы раз стварыць інфармацыйную нагоду для беспадстаўных абвінавачванняў у адрас Беларусі”, заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
„Гэта стары гебельсаўскі прапагандысцкі прыём: калі паўтараць хлусню тысячу разоў, то ў яе павераць, — сказаў ён. — На жаль, мы сёння знаходзімся ў тэатры абсурду. Краіны Еўразвязу, наймагутнага блока НАТА спрабуюць сыграць танную п’еску аб тым, што быццам бы ад адносна невялікай і цалкам талерантнай Беларусі зыходзіць пагроза міру, і выставіць яе агрэсарам. Паводле зразумелых матываў спрабуюць сказіць і загаварыць відавочны факт: першапрычына глабальнага міграцыйнага крызісу складаецца ў незаконным умяшанні краін Захаду ва ўнутраныя справы іншых, арганізацыі ваенных інтэрвенцый і разбурэнні імі цэлага шэрагу дзяржаў”.
Паводле слоў Глаза, Беларусь у гэтай сітуацыі „толькі краіна транзіту, якая, дарэчы, нясе істотныя выдаткі”. „У 2020 годзе ЕЗ прыняў паўмільёна новых бежанцаў, і ніхто асабліва не заўважыў якіх-небудзь палітычных наступстваў, — заявіў Глаз. — А дзве-тры тысячы бежанцаў, якія імкнуцца трапіць праз Беларусь у Еўропу, якая іх запрасіла, — гэта ўжо, бачыце, „гібрыдная вайна”. Абсалютна зразумела: напружанне на мяжы Беларусі з Еўразвязам звязанае не столькі з рэальнымі праблемамі, якія могуць стварыць тры тысячы мігрантаў, колькі з тым, што Польшчы, Літве, Латвіі выгадна раздзімаць гэты крызіс. Асабліва Польшчы”.
У сувязі з гэтым, падкрэсліў Глаз, „кансультацыі чакана насілі цалкам зрэжысаваны характар”. „І самае важнае, што ніхто з іншых членаў Савета бяспекі за межамі заходняй групы не падтрымаў ініцыятараў і не выступіў з крытыкай нашай краіны, — адзначыў ён. — Наадварот, дзяржавамі цалкам лагічна ставілася пытанне аб неабходнасці комплексна глядзець на праблему, змагацца з першапрычынамі міграцыйнага крызісу, весці прамы дыялог паміж краінамі паходжання, транзіту і канчатковай мэты. Калі ж гэтае мерапрыемства будзе выкарыстанае Еўразвязам як дадатковы аргумент для ўвядзення чарговага пакета санкцый, то хачу сказаць, што Менск гатовы на самыя жорсткія меры ў адказ”.
Напярэдадні члены Савета бяспекі ААН Эстонія, Францыя, Ірландыя, ЗША, Вялікабрытанія, Нарвегія і Албанія (з 2022 года) выступілі з сумеснай заявай „аб дзейнасці ўладаў Беларусі па выкарыстанні мігрантаў”.
Аўтары заявы асудзілі выкарыстанне людзей, „чые жыцці і дабрабыт былі пастаўленыя пад пагрозу Беларуссю з палітычнымі мэтамі для дэстабілізацыі суседніх краін і знешняй мяжы Еўрапейскага звязу і адцягнення ўвагі ад яе ўласных усё больш частых парушэнняў правоў чалавека”.
„Гэтая тактыка непрымальная і патрабуе рашучай міжнароднай рэакцыі і супрацоўніцтва, каб прыцягнуць Беларусь да адказнасці, — лічаць яны. — Гэта дэманструе, як рэжым Лукашэнкі стаў пагрозай рэгіянальнай стабільнасці. Мы заклікаем улады Беларусі спыніць гэтыя бесчалавечныя дзеянні і не рызыкаваць жыццём людзей. Неабходна даць міжнародным арганізацыям неадкладны і бесперашкодны доступ да людзей, якія знаходзяцца там, для дастаўкі гуманітарнай дапамогі”.
„Улады Беларусі павінны разумець, што ў іх не атрымаецца націснуць на Еўрапейскі звяз шляхам цынічнага выкарыстання мігрантаў”, — падкрэсліваецца ў заяве.
Члены Савета бяспекі ААН выказалі салідарнасць з Польшчай і Літвой, а таксама гатоўнасць абмеркаваць далейшыя меры іх падтрымкі, роўна як і меры супраць тых, хто спрыяе „дзеянням рэжыму Лукашэнкі”, якія аблягчаюць незаконнае перасячэнне мяжы ЕЗ. „Мы застанемся адзінымі і поўнымі рашучасці абараняць ЕЗ ад гэтых гібрыдных аперацый з боку ўладаў Беларусі”, — зазначылі аўтары заявы. Яны заклікалі краіны паходжання і транзіту мігрантаў да супрацоўніцтва, каб перасцерагчы грамадзян ад „трапляння ў пастку”. Члены Савета бяспекі ААН, якія падпісалі заяву, выказалі „глыбокую заклапочанасць цяжкім становішчам мігрантаў” і заклікалі ўлады Беларусі спрыяць іх „адэкватнай абароне і забеспячэнню”, а таксама падкрэслілі важнасць прадухілення гуманітарнага крызісу і стварэння ўмоў для вяртання мігрантаў на радзіму.
11 лістапада вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Філіпа Грандзі паведаміў, што прадстаўнікі яго ўпраўлення і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа аказалі дапамогу мігрантам, якія знаходзяцца на мяжы Беларусі з ЕЗ. Грандзі назваў прыярытэтнай задачай прадухіленне гібелі і перамяшчэнне мігрантаў ад мяжы ў больш бяспечныя месцы ў Беларусі.