Анатоль Лябедзька абскардзіць у ААН штраф за ўдзел у прэс-канферэнцыі ў Курапатах



Экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька абскардзіць у Камітэце ААН па правах чалавека рашэнне беларускага суда, які аштрафаваў яго на 50 базавых велічынь (1.225 рублёў) за ўдзел у прэс-канферэнцыі ва ўрочышчы Курапаты, каля рэстараннага комплексу „Паедзем паядзім”. Пра гэта БелаПАН паведаміў палітык.

Рашэнне пра штраф прыняла 2 жніўня суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня. Згодна з зачытаным у зале суда міліцэйскім пратаколам, 21 чэрвеня Лябедзька ў складзе групы грамадзян блізу рэстарана парушыў парадак арганізацыі пікетавання, бо „на фоне бел-чырвона-белага сцяга дэманстратыўна стаяў каля брамы, перашкаджаючы праезду транспарту на тэрыторыю рэстарана”.

Змест пратакола паводле артыкула 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства) Лябедзька назваў „шызафрэнічным”. Суду ён растлумачыў, што яго запрасілі ўзяць удзел у прэс-канферэнцыі, а не ў пікеце. На думку Лябедзькі, прыцягненне яго да адказнасці за ўдзел у прэс-канферэнцыі парушае Канстытуцыю, якая гарантуе грамадзянам права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю.

6 верасня рашэнне раённага суда было безвынікова абскарджанае ў Мінскім гарадскім судзе. „Сёння я атрымаў пісьмовую копію рашэння гарсуда. Сёння-заўтра скарга будзе накіраваная ў Камітэт ААН па правах чалавека”, — сказаў Лябедзька.

Палітык паведаміў, што будзе абскарджваць штраф і ў Вярхоўным судзе, аднак для падачы скаргі ў камітэт ААН дастаткова рашэнняў судоў першай і другой інстанцый.

1 верасня старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў пра намер накіраваць скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Нагодай стала рашэнне суда Партызанскага раёна Мінска, які 4 ліпеня аштрафаваў яго на 30 базавых велічыняў (735 рублёў) за ўдзел у акцыі па абароне Курапатаў каля ўваходу ў рэстаран „Паедзем паядзім”.   БелаПАН