Анатоль Лябедзька: Ад даты выбараў не залежыць іх сутнасць
Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі прапануе не адкладаць прэзідэнцкія выбары да наступнай восені, а правесці іх у сакавіку-красавіку 2015 года. Намеснік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч лічыць, што вясна – аптымальны тэрмін правядзення выбараў.
– Восень – гэта збор ураджаю, восень – гэта падрыхтоўка да школы, восень – гэта шмат праблемаў у людзей, якія трэба вырашаць. Як раз напрыканцы зімы цікава глядзець на выбарчую кампанію, таму што няма чым займацца. Бо бок выбары будуць больш цікавыя людзям, і самае істотнае – мы зможам больш людзей прыцягнуць на выбарчыя участкі. Для арганізацыі выбараў ніякіх праблем няма. Усе ўмовы ў краіне для насельніцтва і для палітыкаў створаны для таго, каб увесну быў аптымальны час для выбараў.
Ліберальна-дэмакратычная партыя звярнулася ўжо ў гэтай справе да кіраўніка дзяржавы, Нацыянальнага сходу і Цэнтрвыбаркаму.
Прапанову каментуе лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
– Гэтая ініцыятыва пустая, як піянерскі барабан. У ёй няма сэнсу і няма зместу. Хутчэй гэта спроба яшчэ раз “лізануць” гэтую ўладу і спрадабацца ёй яшчэ ў нечым. А што датычыць рэальнай сітуацыі, то дата выбарчай кампаніі і інтэнсіўнасць удзелу выбаршчыкаў, іх колькасць у гэтым працэсе – яны абсалютна ніякім чынам не ўплываюць на сутнасць таго, што будзе адбывацца.
У Ліберальна-дэмакратычнай партыі лічаць, што ў прэзідэнцкай гонцы пазмагаюцца толькі два сур’езныя кандыдаты – Аляксандр Лукашэнка і лідар ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя