Анатоль Лябедзька: Дата не ацэнена належным чынам
Был дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Анатоль Лябедзька распавёў пра тое, як 27 ліпеня 1990 году прымалася Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР.
Анатоль Лябедзька: Паколькі я прымаў непасрэдны ўдзел у прыняцці Дэкларацыі аб незалежнасці, то для мяне гэты дзень без усялякага перабольшвання – самае сапраўднае свята. Гэта дзень, які мацней за сёняшнюю ўладу, таму што з пункту гледжання гісторыі і часу, яго значэнне з кожным годам будзе толькі ўзрастаць. 27 ліпеня – дзень аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, за якую на працягу стагоддзяў беларусы аддавалі нават жыцці. Мяркую, гэтая дата ў нас яшчэ не ацэнена належна ні ўладай, ні людзьмі, у якіх сёння некалькі іншыя прыярытэты. Тым не менш, гэта адзін з лепшых дзён беларускай гісторыі.
РР: Што вам запомнілася найбольш з тых падзей 27-гадовай даўніны, калі прымалася Дэкларацыя?
Анатоль Лябедзька: Па-першае, дакумент прымаўся ў парламенце, а зараз мы ўжо забыліся пра тое, што існуюць розныя меркаванні. Раней усё гэты прысутнічала. Не скажу, што ўсе былі падрыхтаваныя, бо большасць дэпутатаў выйшлі з партыйнай наменклатуры і па-іншаму ацэньвалі падзеі. Але новае адбывалася ў кулуарах. Была вялікая праца з тымі людзьмі, якія вагаліся, а іх было шмат. Вялі гутаркі за гарбатай, за кілішкам гарэлкі, калег пераконвалі. Але наўкол ужо развальвалася імперыя, таму гэта таксама станавілася часткай абмеркаванняў. І ў выніку большасць дэпутатаў зрабіла правільны выбар – падтрымалі Дэкларацыю. Пасля прыняцца дакумента дэпутаты сталі нават інакш на сябе глядзець. З’явілася пачуццё адказнасці.
РР: Чаму сёння ў Беларусі гэтае свята не адзначаецца на дзяржаўным узроўні? Калі б не было прыняцця Дэкларацыі, то, магчыма, не было б і сёняшняй улады…
Анатоль Лябедзька: Так, калі б не прынялі дакумент, то многія пасля заканчэння дэпутацкіх паўнамоцтваў так і засталіся б дырэктарамі саўгасаў. Але, думаю, калі б да прыняцця Дэкларацыі Лукашэнка спрычыніўся нейкім чынам персанальна, то і сёння б гэты гістарычны дзень не пакінулі без увагі. Але сёння ўлада выбрала іншыя святы і іншыя прыярытэты. Гэта не па-дзяржаўнаму.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя