Анатоль Лябедзька: Градус супрацьстаяння ў Беларусі вельмі высокі



Каманда Святланы Ціханоўскай агучыла праект па вызваленні незаконна асуджаных грамадзян. Паводле яго, вызваліць такіх асоб плануецца на працягу двух дзён пасля прыходу да ўлады. У той жа час Аляксандр Лукашэнка ўсё часцей асабіста кантактуе з Уладзімірам Пуціным. Гэтыя падзеі каментуе наш Госць Рацыі – палітык Анатоль Лябедзька – у размове з Янай Запольскай.

РР: Каманда Святланы Ціханоўскай прэзентавала  праект-амністыю, так умоўна яго назавём, бо ён называецца “Акт аб вызваленні асуджаных паводле палітычных артыкулаў”. Увогуле, як ацэньваеце гэты дакумент, бо там ёсць пэўныя нюансы, не ўсіх асуджаных прапануюць вызваліць адразу і безумоўна?

Анатоль Лябедзька: Перш за ўсё гэта клопат пра людзей, якія сёння знаходзяцца ў вязніцах, прычым гэтыя людзі не ўчынялі абсалютна ніякіх злачынстваў і нават правапарушэнняў. Кажу гэта як чалавек, які адносна нядаўна выйшаў з Акрэсціна і меў камунікацыю прыкладна з 60-цю людзьмі. Для мяне гэта ў першую чаргу фіксацыя праблемы, якая існуе ў парадку дня Беларусі як пэўнай краіны і тысячаў людзей. Таму сам факт вось такой ініцыятывы можна вітаць. А па нюансах можа быць дыскусія, можа быць размова.

РР: Ці ёсць сэнс цяпер увогуле працаваць над такімі дакументамі? Ці сапраўды не будзе праз месяц-другі Аляксандра Лукашэнкі пры ўладзе? Ці ёсць шанец, што Святлана Ціханоўская пасля адразу будзе кіраваць краінай і гэты дакумент будзе дзейнічаць? І ці ёсць сэнс прыкладаць чалавечыя рэсурсы да складання гэтых дакументаў?

Анатоль Лябедзька: Думаю, што трэба сыходзіць з таго, што жыццё больш складанае, чым нам бачылася, напрыклад, год таму ці паўгода. Святлана Ціханоўская стартавала з таго, што  яна казала, што яна чалавек і палітык адной тэмы “свабодныя выбары”. Але ж жыццё ў парадак дня ставіла іншыя праблемы, яны завязаныя амаль на дзевяць з паловай мільёна людзей. І тут была сітуацыя – альбо гэта ігнараваць, не заўважаць гэтых праблем, не думаць пра тое, што мусіць быць заўтра, ці ўсё ж такі пашыраць парадак дня. І аб’ектыўна тое, што Святлана Ціханоўская і яе каманда вымушаныя былі пашыраць парадак дня. І сёння яна спікер не толькі па тэме свабодных, сумленных выбараў, але і па дзясятках, сотнях іншых пытанняў. Фактычна яна дзейнічае як альтэрнатыўны лідар, у якога ёсць легітымнасць, і гэта аб’ектыўна.

Калі мы кажам пра дзень заўтрашні, то, канешне, гэта не толькі эканоміка, гэта не толькі свабодныя і сумленныя выбары, гэта яшчэ і рэфлексія на розныя няпростыя, складаныя пытанні, якія ёсць. Канешне, зараз градус супрацьстаяння ў Беларусі вельмі высокі. Зараз з рэпрэсіямі сутыкнуліся дзясяткі тысяч грамадзянаў – гэта па самых такіх простых падліках. І натуральна, што людзі перажываюць гэта вельмі балюча. Таму што гэтыя злачынствы ўчыняюцца ў адносінах да людзей, якія нічога не ўчынялі. Таму, канешне, ставіць у парадак дня вось такія пытанні пра будучую амністыю – гэта няпростае пытанне. Я думаю, што яно выкліча як мінімум дыскусіі, але дыскусій не трэба баяцца. Не трэба арыентавацца толькі на тыя пытанні, якія даюць табе палітычныя дывідэнды. Трэба размаўляць і на гэтую тэму, тым больш што рэжым запалохвае тых людзей, якія знаходзяцца ў фінансава-эканамічнай залежнасці, кажучы такой грубаватай мовай, “на адкорме”.

Яны кажуць пра тое, што як толькі прыйдзе новая ўлада, яна прыходзіць з касой, і пачне касіць усіх направа і налева. Думаю, што вось у гэтым пытанні трэба разбірацца сёння і трэба вызначаць пералік тых людзей, якія мусяць несці персанальную адказнасць і за рэпрэсіі, і за тыя ж самыя санкцыі. Таму што санкцыі – гэта не ёсць вынік дзейнасці Ціханоўскай ці апазіцыйных палітычных партый. Гэта вынік дзейнасці якраз тых людзей, якія працягваюць называць сябе “прэзідэнтам, прэм’ерам, дэпутатамі, суддзямі і г.д.”. Таму я яшчэ раз падкрэсліваю, што можна ставіцца па-рознаму да нейкіх асобных момантаў, але дыскусія патрэбна.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя