Анатоль Лябедзька: Гуляць наўпрост з шулерамі неперспектыўна
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пракаментаваў агрэсіўную рыторыку беларускіх прапагандыстаў і распавёў пра магчымы дыялог апазіцыі з уладай.
У праграме «Клуб рэдактараў» старшыня “Белтэлерадыёкампаніі” Генадзь Давыдзька па традыцыі прысвяціў некалькі хвілін дзейнасці беларускай апазіцыі, паведамляе nn.by.
Тыдзень таму ён пляжыў Беларускі народны фронт, а цяпер абурыўся паводзінамі лідара АГП Анатоля Лябедзькі.
Нагодай стала тое, што апазіцыя просіць пасярэдніцтва Еўразвяза ў арганізацыі круглага стала з Лукашэнкам.
Давыдзька прадэманстраваў у эфіры карыкатуру, на якой намаляваныя канцлер Германіі Ангела Меркель у вобразе касманаўта і Анатоль Лябедзька, які выглядае як стрыптызёрка.
«Можа быць, станцаваць перад Еўропай на шасце, каб яна ўсё ж паверыла, што менавіта гэтыя людзі з’яўляюцца прадстаўнікамі спадзеваў большай часткі беларускага грамадства?» — запытаўся Давыдзька.
Анатоль Лябедзька: Калі ставіць палітычыны дыягназ, то рэакцыя прапагандыстаў беларускага разліву і насамрэч неадэкватная. Калі ўлада выкарыстоўвае рыторыку, што, маўляў, не прапусцім рэвалюцыю, ляжам касцьмі на яе шляху, то яна мусіла б вітаць нейкія ініцыятывы, скіраваныя на палітычны дыялог па тых праблемах, што ёсць у краіне. А пра гэта гавораць усе – пачынаючы з Лукашэнкі. І праблемы трэба нейкім чынам вырашаць у межах краіны высілкамі грамадзян, якія тут жывуць. Але ў любым выпадку прапагандыстаў (і, натуральна, уладу) не задавальняе, што сама апазіцыя ёсць у Беларусі. Вось 83 адсоткі яны сабе напісалі, а, каб яшчэ усе пляскалі ў далоні альбо сядзелі на кухні і нічога б там не рабілі. Вось гэта была б ідэальная сітуацыя! А тых, хто прапаноўвае свой сцэнар, ужо дзеляць на “нашых” і “не нашых”. І па гэтай тэрміналогіі мы – чужыя. Рэформы, якія мы прапаноўваем, чужыя ўладзе.
РР: А ўвогуле, дыялог паміж уладай і апазіцыяй магчымы?
Анатоль Лябедзька: Думаю, ён быў магчымы і ў 1999 годзе. І я не пагаджаюся з праўладнымі прапагандыстамі і незалежнымі аналітыкамі, якія кажуць, што тады была зусім іншая апазіцыя і сітуацыя. Так, нейкія чыннікі былі іншыя. Але ў 1999 годзе не было такога моцнага эканамічнага і фінансавага крызісу, які прымушае ўладу вярцецца, як вужа. І трэба нешта рабіць, і трэба атрымліваць крэдыты – з таго ж Захаду. Нехта з аналітыкаў мяркуе, што сёння ў Захаду няма інструментаў уплыву на беларускую ўладу. Гэта не так. Якраз ёсць такія інструменты. Калі Лукашэнка просіць крэдыты, то грошы павінны даваць пад эканамічныя і палітычныя рэформы. Па-другое, Захад нам ніякі не чужы дзядзька, бо Беларусь – сябра АБСЕ, як і многія еўрапейскія краіны. І там мусяць быць пэўныя стандарты, як павінны праводзіцца выбары. Таму, калі мы настойваем на празрыстых выбарах і на пасярэдніцтве чальцоў Еўразвязу, то гэта нармальная сітуацыя. Гуляць наўпрост з шулерамі бесперспектыўна. Калі не будзе нейкага пасярэдніка, тот тут наогул нічога не атрымаецца. Усе, хто гулялі адзін на адзін, у момант атрымлівалі шахматнай дошкай па галаве.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя