Лябедзька: Лукашэнка хворы на ўладу і яму ёсць што губляць



„Народны ультыматум” Святланы Ціханоўскай спрацоўвае, – лічыць „Госць Рацыі”, дырэктар цэнтру „Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька.

Бачна, што ўлады нярвуюцца, паводзяць сябе агрэсіўна. Але і баяцца і не могуць зрабіць многага з таго, што раней рабілі лёгка. Інакш чаму тады не адбыўся абвешчаны вялікі пралукашэнкаўскі мітынг? 

РР: Не так даўно вы выйшлі з „сутак”, паспелі папрысутнічаць на чарговым нядзельным Маршы і на акцыях пратэсту ў панядзелак, да якіх заклікала Святлана Ціханоўская ў межах “Народнага ультыматуму”.

Анатоль Лябедзька: Я – не выключэнне, і таксама як і ўсе арыштанты, якія выйшлі з СІЗА №6 Баранавічаў да Маршу, прыняў у ім удзел. Праўда, у мяне была скарочаная праграма, бо як каардынатар канстытуцыйнай рэформы са Святланай Ціханоўскай я вымушаны зараз думаць і дбаць і пра іншыя вельмі важныя тэмы. Бачыў, якая велічэзная колькасць людзей прыйшла. Перакананы, што пратэст не здуваецца. Наадварот, ён нават пашыраецца. А ў панядзелак я ўжо працаваў на вуліцах. Мы з калегамі прайшліся па вуліцах, паўдзельнічалі ў акцыях студэнтаў Лінгвістычнага ўніверсітэта, выпусцілі перадачу. Студэнты – на перадавой.

РР: Як вы ацэньваеце крок Святланы Ціханоўскай? Улады адказалі дастаткова жорстка. Зноўку сотні затрыманых.

Анатоль Лябедзька: Калі гаварыць – шклянка напалову пустая ці поўная – я схіляюся ўсё ж такі да другога. Канешне, такія акцыі ў межах усёй краіны ладзяцца не на працягу некалькіх тыдняў. Гэта патрабуе больш часу. Але сёння ідзе змаганне за ініцыятыву. І як плюс я адзначаю, што Лукашэнка з гэтага супрацьстаяння проста збег. Таму што ўтваралася сітуацыя, што людзі маглі пабачыць, колькі людзей на баку пераменаў, Ціханоўскай, і колькі на баку Лукашэнкі. І ён не асмеліўся выйсці на гэтае спаборніцтва. Нягледзячы на тое, што ў яго ёсць велічэзны адміністрацыйны рэсурс, але, відаць, прыкінуўшы ўсе плюсы і мінусы, змаглі спрагназаваць, што ў параўнанні з сотнямі тысяч людзей, якія выходзяць за перамены і Ціханоўскую, гэта будзе невялікая купка людзей. І паводзіны якой непрагназуемыя. Таму яна выйграла гэты раўнд. Па-другое, яна яшчэ раз прадэманстравала, што павестка не мяняецца – ёсць тры асноўныя пункты. І людзі дзеля рэалізацыі гэтай павесткі дня гатовыя выходзіць на вуліцы пад дубінкі, пад гранаты і пад кулі. І гэта азначае адно: калі мы не бачым яшчэ хуткай перамогі, то Лукашэнка таксама не бачыць, што можа змяніць сітуацыю ў краіне. На мой погляд, сённяшні дзень дае больш аптымізму тым, хто за перамены, чым тым міліцыянтам, амапаўцам, губопікамам, якія бегаюць па вуліцах з закрытымі тварамі.

РР: Лёс так складваецца, што Вы Лукашэнку ведалі ў 90-х гадах. Наўрад ці ён моцна змяніўся. Што ён зараз адчувае?

Анатоль Лябедзька: Калі гаварыць пра Лукашэнку ўзору сярэдзіны 90-х і сённяшняга, то можна сказаць, што і тады і цяпер гэта быў чалавек, які хворы на ўладу. Толькі тады мы бачылі першыя маленькія сімптомы гэтай хваробы, а зараз яна ў такіх праяўленнях, што бачаць нават тыя, хто не бачыць. І няма лекаў ад хваробы на ўладу. А гэта азначае, што ён застаецца хворым і выправіць гэта немагчыма. А па-другое, Лукашэнка за 26 гадоў прыхватызаваў не толькі асобныя органы кіравання, але і цэлыя галіны ўлады, усе фінансавыя патокі, прыхватызаваў усю ўласнаць, якая сёння пад грыфам дзяржаўная. Таму яму ёсць за што трымацца, яму ёсць што губляць у адрозненні ад 95% грамадзянаў Беларусі. Вось гэтыя два фактары з’яўляюцца вырашальнымі і вызначаюць паводзіны Лукашэнкі – чалавека, які хворы на ўладу і які правёў поўнамаштабную прыхватызацыю краіны.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: DW