Анатоль Лябедзька: Лукашэнка павінен думаць не столькі пра легітымнасць, колькі пра сваю бяспеку



Палітык Анатоль Лябедзька лічыць, што хутка можа пачацца гандаль палітвязнямі, каб Лукашэнка меў магчымасць хоць нейкіх перамоў з Еўразвязам. Пра гэта ён паразмаўляў у эфіры нашага радыё разам з Уладам Грынеўскім.

– З’явілася інфармацыя, што Васкрасенскі пісаў палітвязням лісты, дзе прапанаваў ім напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Гэта не новая практыка ў беларускай рэчаіснасці. Як яе можна ацаніць і ці гэтым фактам ўлады не прызнаюць, што незаконна хапаюць закладнікаў? 

Гэта не першы раз мы сутыкаемся з такой сіуацыяй, калі палітвязні становяцца элементамі палітычнага гандлю. Невыпадкова адразу пасля жнівеньскіх падзей з’явілася пасада па пытанні „як лепш прадаць палітвязняў”. Лукашэнка фактычна прызначыў на гэтую пасаду сумнавядомага Васкрасенскага, і ў яго задачах было трымаць гэтую тэму ў інфармацыйнай прасторы, увесь час нагадваць. І тут задача дваякая. З аднаго боку – спакуса для людзей, якіх узялі ў закладнікі і яны знаходзяцца за кратамі. І іх псіхалагічна трымаць у рэжыме ціску, гаворачы пра такую перспектыву. Для чалавека, які за кратамі, тэма вельмі складаная і цяжкая і ён увесь час знаходзіцца ў псіхалагічным стрэсе. 

А з другога боку гэта скіравана на міжнародную супольнасць, што Лукашэнка не супраць, каб вызваліць людзей, але вам трэба ўвайсці ў нейкую камунікацыю, нейкі кантакт, а гэта ўжо частка нейкіх перамоў, якія патрэбны і Лукашэнку ў сённяшняй сітуацыі. Асабліва ўлічваючы эканамічныя чыннікі, і сацыяльную сітуацыю, і тое, што палітычны крызіс толькі ўзрастае. Таму тут такія прагматычна-цынічныя адносіны Чырвонага дома да гэтай тэмы. 

– А што змянілася, нехта недзе зразумеў, што не пацягне беларуская эканоміка і палітычная сістэма без еўрапейскіх грошай? 

– Тут цэлы стос чыннікаў, якія прымушаюць беларускія ўлады думаць і гаварыць пра перамоўны працэс. Ціск ідзе адусюль – ад саміх беларусаў, якія не будуць і не хочуць прызнаваць легітымнасць Лукашэнкі, ад міжнароднай супольнасці, дзе мы бачым моцную еўраатлантычную кааліцыю: адміністрацыі Байдэна і Еўразвяза зрабілі беларускае пытанне часткай асноўнай павесткі дня, ёсць пэўны ціск і з боку Крамля, таму што таксічнасць Лукашэнкі так ці інакш перадаецца і на Пуціна, і для іх найлепшы варыянт, каб не было тут палітычнага крызісу, каб Лукашэнка ціха сыйшоў, а на яго месца прыйшоў прарасейскі палітык, які не мае гэтай таксічнасці. Так што тут цэнтраў ціскаў некалькі. Лукашэнка сам ужо павінен думаць не столькі пра сваю легітымнасць, колькі пра сваю бяспеку.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя