Лябедзька мае намер зноў балатавацца на пасаду старшыні АГП



Анатоль Лябедзька мае намер зноў вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі на з’ездзе 8 ліпеня.

На сайце АГП пад загалоўкам „Лябедзька ў гульні, інтрыга вяртаецца” анансаваныя тэледэбаты кандыдатаў на пасаду кіраўніка партыі, у якіх прымуць удзел Васіль Палякоў, Ганна Канапацкая, Мікалай Казлоў і Анатоль Лябедзька.

„Нам удалося датэлефанавацца да лідара АГП, які ў гэты час прымае ўдзел у працы Парламенцкай асамблеі Еўранест. Мы спыталі, ці азначае гэта, што Анатоль Лябедзька — у спісе кандыдатаў на пасаду старшыні АГП? Палітык быў сціслы: „Я ў гульні. Я — у спісе кандыдатаў. Усё астатняе — 8 ліпеня”, — гаворыцца ў паведамленні партыйнага сайта.

Сам Лябедзька сваё рашэнне пакуль не каментуе.

Анатоль Лябедзька ўзначальвае АГП з 2000 года. У красавіку на пытанне, ці будзе ён прэтэндаваць на пасаду старшыні партыі, палітык адказаў: „На сёння 99,9% — не, а калі раптам нешта пойдзе па зусім грубым сцэнары нейкіх знешніх умяшанняў — тады не выключаю”.

belapan.by