Анатоль Лябедзька: Мы ідзем да лацінаамерыканскай мадэлі



Палітык Анатоль Лябедзька патлумачыў, чаму ў сацыяльнай дзяржаве медыкі ў рэгіёнах стаяць з працягнутай рукой.

Галоўны ўрач Светлагорскай раённай бальніцы ў інтэрв’ю “Светлагорскім навінам” распавёў пра гаротны стан раённай медыцыны і папрасіў людзей аб матэрыяльнай дапамозе. Як такое можа быць у дзяржаве, якую высокія чыноўнікі называюць сацыяльнай?

Анатоль Лябедзька: Калі ў чыноўнікаў ад медыцыны знаходзяць падчас вобшукаў па паўмільёна даляраў, то ўсё становіцца на свае месцы. Калі ў нейкім гаражы дадаецца, то ў нейкай лякарні адмінусоўваецца. У нас створана сістэма, у якой карупцыя пачувае сябе ў бюджэце вельмі камфортна. Калі ў краіне няма парламенцкага кантроля за вертыкаллю ўлады, калі адсутнічае грамадзянскі кантроль, калі недзяржаўныя СМІ не дапускаюцца да атрымання інфармацыі, то, натуральна, будзе і распіл бюджэта, і карупцыя.

Будуць множыцца “царскія вёскі” вакол раённых цэнтраў, а галоўныя ўрачы раённых бальніц будуць стаяць з працягнутай рукой да звычайных грамадзян. І ў гэтай сітуацыі мясцовыя чыноўнікі самае лепшае, што могуць прыдумаць, дык гэта абкласці дадатковым падаткам людзей з дзяржаўных прадпрыемстваў, каб закрыць дзіркі ў сістэме аховы здароўя.

РР: У той час, калі раённыя бальніцы збіраюць па капейцы грошы, улада не шкадуе сродкаў на шыкоўныя мерапрыемствы і пабудову розных палацаў ды рэзідэнцый.

Анатоль Лябедзька: Відавочна, што мы не распараджаемся тымі падаткамі, якія плацім дзяржаве. Тады і ўзнікаюць такія праекты, як, напрыклад, будаўніцтва новага шыкоўнага будынка Вярхоўнага суда за некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. А за якую суму пабудавалі Палац незалежнасці? У ім была большая неабходнасць, чым медыцынскае абсталяванне для раённай бальніцы?

Дык прадайце вы адзінаццаць урадавых рэзідэнцый і пакіньце сабе адну. На гэтыя грошы можна будзе набыць шмат чаго неабходнага для тых жа бальніц. Якая ж гэта сацыяльная дзяржава? У такой сітуацыі мы ідзем не да еўрапейскай дэмакратыі, а да лацінаамерыканскай мадэлі, калі будзе павялічвацца расслаенне ў грамадстве.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя