Анатоль Лябедзька: На Кангрэсе павінны сабрацца невыпадковыя людзі



Палітрада Аб’яднанай грамадзянскай партыі вылучала некалькі ўмоваў, пры якіх партыя будзе ўдзельнічаць у Кангрэсе дэмакратычных сілаў Беларусі. Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, гісторыя правядзення кангрэсаў розная. Але гэтая пляцоўка ўсё ж функцыянуе. Галоўная задача – зрабіць кангрэс эфектыўным. Яго рашэнні павінны адчуць не толькі актывісты дэмакратычных партый і арганізацый, але і ўсё грамадства. Тым больш, што ў гэтым годзе адбудзецца важная ў палітычным жыцці кампанія выбараў у Палату прадстаўнікоў:

– Для нас важна будзе ацэнка выбарчай кампаніі: яна адпавядае стандартам АБСЕ, ці не адпавядае, яна легітымная, ці не легітымная. Мы хацелі б, каб на Кангрэсе сабраліся невыпадковыя людзі, а каб яны адпрацавалі выбарчую кампанію такім чынам, каб мець за сабой падтрымку не толькі тых палітычных арганізацый, якія яны прадстаўляюць, а народ. Для нас важна стварэнне пастаянна дзеючай пляцоўкі – Асамблеі народных прадстаўнікоў. І добра, калі мы выйдзем на нейкую стратэгію супольных дзеянняў.

Зараз прапановы па гэтых трох пунктах будуць прадстаўлены для абмеркавання іншым суб’ектам правацэнтрысцкай кааліцыі: Руху “За свабоду” і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. “Пры адабрэнні мы разам працягнем размову з іншымі зацікаўленымі ў правядзенні Кангрэсу палітычнымі структурамі”, – сказаў палітык.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя