Анатоль Лябедзька: Нам трэба не напалохаць людзей
“Калі на нашу акцыю прыйдзе хаця б 500 новых людзей, якія раней ніколі не хадзілі на такія мерапрыемствы, гэта ўжо будзе маленькі крок наперад, кажа лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
У той час, як арганізатары Марша абураных беларусаў рыхтуюцца да акцыі 17 лютага, яшчэ 30 студзеня ў Менскі гарвыканкам падалі заяўку на правядзенне 15 сакавіка «Маршу недармаедаў» іншыя арганізатары.
Як вядома, у аргкамітэт «Маршу недармаедаў» уваходзяць Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», АГП, рух «За свабоду», аргкамітэты па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Партыі працоўных і партыі «Надзея», БСДП (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя» і грамадзянская кампанія «Наш дом».
Анатоль Лябедзька: На вялікі жаль, у Гродне і Магілёве мы атрымалі адмоўны адказ на првядзенне марша, і зараз думаем, што рабіць далей. Хаця падавалі заяўкі па ўсёй краіне. Што датычыцца Менска, то прынята рашэнне аб правядзенні не толькі марша, а цэлай кампаніі. Першае – будзем і надалей збіраць подпісы за адмену дэкрэта. Другое – прапануем рэгіянальным структурам, каб яны правялі працу, як дэпутаты рэагуюць на сітуацыю. І каб гэтыя дэпутаты вызначыліся: яны разам са сваімі выбарцамі альбо не? І трэцяе – правядзенне вулічных мерапрыемстваў, як у рэгіёнах, так і ў сталіцы.
РР: Што будзеце рабіць, калі гарадскія ўлады не дазволяць правядзенне марша ў Менску?
Анатоль Лябедзька: У такім выпадку мы не будзем адмаўляцца ад мерапрыемства, а правядзем яго ў тым фармаце, які не патрабуе атрымання адмысловага дазвола. Вось Статкевіч і Някляеў пайшлі іншым шляхам, яны нават не падавалі заяўку ў Менгарыканкам. У іх свая стратэгія. У нас яна іншая, бо мы ставім на мэту сабраць як мага больш новых людзей. Многія “недармаеды” – абсалютна апалітычныя людзі, але палітыка сама да іх пагрукалася ў дзверы. І як запрашаць такіх людзей на несанкцыянаванае мерапрыемства? Нам трэба ў першую чаргу іх не напалохаць. Мы гаворым, што гатовы размаўляць з уладамі, прыводзіць свае аргументы, а таму загадзя заклалі ў заяўку мяккі варыянт правядзення марша, па якому ўлады раней дазвалялі праводзіць мерапрыемствы – шэсце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор. Таму арганізатары марша 17 лютага і мы арыентуемся на розныя групы людей. Хаця, безумоўна, самыя актыўныя могуць схадзіць і на акцыю 17 лютага, і на наша мерапрыемства. Але ж нехта лічыць, што яму не варта падстаўляцца пад нейкія рэпрэсіі ці штрафы. Таму мы і паспрабуем дасягнуць з уладамі нейкага кампраміса.
РР: Ці можаце спрагназаваць, колькі людзей прыйдзе на вашую акцыю?
Анатоль Лябедзька: Гэта складана сказаць. Але на сёння мы ўжо сабралі каля 15-17 тысяч подпісаў за адмену дэкрэта. І з гэтымі людзьмі трэба працаваць. У маім галасаванні, якое я праводзіў па дэкрэту ў сацыяльных сетках, прынялі ўдзел 55 тысяч чалавек. З іх 54 тысячы – супраць гэтага антыканстытуцыйнага акта. Я не магу сказаць, колькі з іх прыйдзе на марш. Але, калі з’явіцца хаця б 500 новых людзей, якія раней ніколі не хадзілі на акцыі, гэта будзе маленькі крок наперад.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя