Анатоль Лябедзька: Наша праграма – не для гэтай сістэмы



«Яна тут проста не выжыве, для яе тут не будзе ні паветра, ні кіслароду», — кажа лідар Аб′яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

«Задача штогод ствараць 50 тысяч новых працоўных месцаў з’яўляецца мінімальным патрабаваннем», — заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 21 красавіка з пасланнем да беларускага народа і парламента.

Пры гэтым ён адзначыў, што «апошнім часам ідуць заявы стварыць мільён працоўных месцаў» (намёк на праграму «Мільён новых працоўных месцаў», распрацаваную Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. — БелаПАН.). «Гэта, вядома, смешна. Каб стварыць мільён працоўных месцаў, па-першае, трэба мець мільярды долараў. Па-другое, трэба мець высокакваліфікаваных работнікаў. Па-трэцяе, працоўныя месцы учорашняга дня непатрэбныя, патрэбныя працоўныя месцы заўтрашняга дня», — сказаў Лукашэнка.

Паводле ягоных слоў, каб стварыць мільён новых працоўных месцаў, трэба стварыць новую эканоміку Беларусі і прадпрыемствы. «Мы рэалісты, стаім на зямлі. Нам трэба 50 тысяч новых працоўных месцаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Анатоль Лябедзька: Па-першае, я перакананы, што ў гэтай эканамічнай сістэме ўлады не створаць нават 50 тысяч працоўных месцаў. У лепшым выпадку можна працаўладкаваць 110 так званых дэпутатаў, якія чатыры гады паслухмяна націскалі на кнопкі. Гэта па сілах уладзе.

РР: А што тычыцца вашай праграмы «Мільён новых працоўных месцаў», якая насмяшыла Лукашэнку?

Анатоль Лябедзька: Я хачу сказаць, што наша праграма ўключае не толькі пытанне стварэння новых працоўных месцаў, але гэта і інвестыцыйны клімат, і сістэма адукацыі, і судовая сістэма. Разглядаць нешта асобна ад астатняга — гэта тупіковы шлях. Можа быць, не за год-два, але ў будучым абсалютна рэальна стварэнне новых працоўных месцаў. Ёсць прыклады той жа Польшчы ці Эстоніі. Так, патрэбны мільярды інвестыцый, але ж у гэтую сістэму яны якраз і не прыйдуць. А мы прапаноўваем стварэнне абсалютна іншай сістэмы. Лукашэнка, дарэчы, вельмі правільна сказаў: «Каб стварыць мільён новых працоўных месцаў, трэба стварыць новую эканоміку Беларусі». Вось тут я з ім пагаджуся на ўсе сто адсоткаў. Мы сваёй праграмай прапаноўваем тую сістэму, у якую прыйдуць інвестыцыі, дзе будзе развівацца малы і сярэдні бізнес.

РР: Адным словам, ваша праграма можа і добрая, але сёняшняй уладзе непатрэбная…

Анатоль Лябедзька: Так, пад гэтую сістэму яна не падыходзіць. Яна тут проста не выжыве, для яе тут не будзе ні паветра, ні кіслароду.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя