Анатоль Лябедзька: Не трэба недаацэньваць пытанне міжнароднай салідарнасці



У Бруселі сёння, 8 ліпеня, адкрываецца чарговая сесія Еўрапейскага парламента. Адной з тэм стане Беларусь. Ужо заўтра (9 ліпеня) запланавана правядзенне дэбатаў пра сітуацыю ў нашай краіне.

Як адзначае экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, правядзенне дэбатаў па Беларусі невыпадковае. З яго слоў, асноўныя трэнды мінулых выбараў захаваліся і падчас сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі, але настолькі брутальна ўлады яшчэ не дзейнічалі. Ужо зараз маем 25 палітычных вязняў, амаль кожны дзень ідуць затрыманні, арышты і суды. Да таго ж паўсюдна назіраюцца парушэнні канстытуцыйных правоў нашых грамадзян:

– Гэта парушае міжнародныя абавязкі, якія брала на сябе Беларусь і ўлады Беларусі. Таму ў сукупнасці гэта рэфлексія на тое, што адбываецца ў нашай краіне. Для нас гэта такі добры знак, таму што, калі Беларусь у міжнароднай павестцы дня, значыць у нас ёсць шанец. Канешне, дзевяць з паловай грамадзянаў, у першую чаргу гэта іх адказнасць, наша краіна, і яны будуць вырашаць, як тут будуць разгортвацца падзеі. Але разам з тым не трэба недаацэньваць пытанне міжнароднай салідарнасці.

На першы план сярод еўрадэпутатаў зноў пачалі выходзіць каштоўнасці, а не прагматызм і дыялог, – дадае Анатоль Лябедзька:

– Ведаем апошнія трэнды, якія адбываліся яшчэ там паўгода таму. Яны былі скіраваныя на тое, каб падтрымаць Беларусь і заплюшчыць адно вока пры поглядзе на сітуацыю ў Беларусі, на тое, што тут адбываецца. Калі гэтае пытанне пачынаюць абмяркоўваць у еўрапейскіх інстытуцыях, гэта кажа пра тое, што зусім дрэнная справа. Там таксама ёсць канкурэнцыя і барацьба дзвюх фракцый – каштоўнасцяў і фракцыі прагматызму і геапалітыкі. Калі такія пункты ў павестцы дня ёсць, гэта кажа пра тое, што больш моцна зараз выглядае фракцыя прыхільнікаў каштоўнасцяў.

Еўрапарламентарыі заўтра, 9 ліпеня,  у Бруселі абмяркуюць ход перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі і затрыманні лідараў і актывістаў апазіцыі, гаворыцца ў паведамленні на сайце Еўрапарламента. Перад дэбатамі з дакладам пра міжнародныя стасункі і сітуацыю з правамі чалавека выступіць высокі прадстаўнік ЕЗ у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя