Анатоль Лябедзька: Не трэба ствараць дадатковы ажыятаж вакол гэтай сітуацыі
Палітык Анатоль Лябедзька выказаў сваё меркаванне з нагоды непрыняцця чацвёртага пакета санкцый.
Чацвёрты пакет санкцый супраць беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў Еўразвяз будзе прымаць «найбліжэйшым часам», хаця яго рыхтавалі да 10 траўня.
Афіцыйны прадстаўнік Еўразвяза, прэс-сакратара Еўрапейскай службы замежных дзеянняў Петэра Стана патлумачыла Tut.by, што паміж краінамі-чальцамі ЕЗ ідуць дыскусіі наконт таго, хто з персаналій павінен быць у санкцыйным спісе і наколькі санкцыі павінны быць маштабнымі, а таму праца яшчэ працягваецца.
Анатоль Лябедзька: Мне падаецца, што гэта не зусім прынцыпова, калі будзе ўведзены ў дзеянне чацвёрты пакет санкцый. Галоўнае – змест дакумента. І вось тут у еўрапейскіх чыноўнікаў, відаць, ёсць розныя пазіцыі і розныя падыходы. Хтосьці прапаноўвае больш радыкальныя захады, нехта – больш мяккія.
Трэба прыняць да ведама, што Еўразвяз – гэта ўсё-такі вельмі складаная канфігурацыя, якая ў момант не прымае такія складаныя рашэнні. Патрабуецца шмат часу, каб прыйсці да нейкага адзінага рашэння, бо меркаванні, як ужо казаў, могуць быць самыя розныя. Таму я б не ствараў нейкі дадатковы ажыятаж вакол гэтай сітуацыі.
РР: Санкцыі Захад уводзіў у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў не першы год, але іх эфектыўнасць была не вельмі вялікай…
Анатоль Лябедзька: Стаўленне да санкцый у розных людзей ізноў-такі рознае. Але ў любым выпадку, калі кропкавыя візавыя санкцыі прымаюцца да нейкага канкрэтнага чыноўніка, то гэта стварае пэўны дыскамфорт.
А вось санкцыі да прадпрыемстваў – яны больш балючыя, бо праз іх губляюцца пэўныя эканамічныя сувязі. Гэта можа адбіцца і на інвестыцыях, і на больш далёкіх перспектывах.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя