Анатоль Лябедзька не выключае легітымізацыі выбараў



16 ліпеня пададуць заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзідэнты.

Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Анатоль Лябедзька лічыць, што працэс рэгістрацыі можа прайсці нягладка.

Zavalnia_Labiedzka2

 – Мой прагноз такі: будзе зарэгістраваны, натуральна, Лукашэнка і 3-4 найбольш прымальныя для яго кампаніі, каб стварыць колькасны склад. Нехта будзе з іх – з сённяшніх апазіцыянераў. Думаю, самыя вялікія праблемы з рэгістрацыяй будуць у нас, потым у Калякіна, а потым – у Караткевіч.

Анатоль Лябедзька настойвае на думцы, што апазіцыйным кандыдатам варта ісці на выбары, каб мець магчымасць прамовіць да людзей. Таксама старшыня АГП адзначыў, што без сапраўдных кандыдатаў Лукашэнку будзе прасцей дабівацца легітымізаваць прэзідэнцкія выбары:

– Міжнародныя наглядальнікі прыязджаюць і фіксуюць “значны прагрэс” – ніхто нікога не затрымлівае, нават больш далі хвілінаў на тэлебачанні. Наяўнасць “значнага прагрэсу”, ён зафіксаваны ў колькасных паказчыках. У параўнанні з 2010 годам – яўны “прагрэс”, гэта азначае легітымізацыю вынікаў кампаніі. Гэта азначае, што подпіс Аляксандра Лукашэнкі ўпершыню набывае юрыдычную сілу з усімі наступствамі. 

Такой магчымасці развіцця падзеяў, на думку старшыні АГП, спрыяе міжнародная палітычная сітуацыя, бо ніхто не хоча, каб “Беларусь была кропкай напружання”.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя