Анатоль Лябедзька не збіраецца вылучацца на выбарах



Экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, заснавальнік і дырэктар установы «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька не збіраецца вылучацца ў якасці кандыдата ні на парламенцкіх, ні на прэзідэнцкіх выбарах.

Пра гэта ён заявіў у інтэрвʼю «Радыё Рацыя». Але выкарыстоўваць выбарчыя кампаніі для працы з выбарцамі палітык лічыць неабходнасцю.

– Я сябе ўвесь час называю чалавекам-будзільнікам, які запускае ініцыятывы і прымушае пра нешта падумаць, кагосьці зрабіць нейкія крокі. Вось гэта галоўная місія. Ужо даўно не вылучаюся. На парламенцкую кампанію апошні раз хадзіў яшчэ, здаецца, у 2008 годзе, набраў  каля 60% (тады яшчэ можна было на выхадзе рабіць апытанне). Але мандат аддалі іншаму. То бок удзельнічаць у якасці кандыдата не бачу ні сэнсу, ні  карысці.

«Ёсць жаданне мяняць правілы гульні, а не ўдзельнічаць у выбарах па правілах уладаў», – дадае палітык. У той жа час Анатоль Лябедзька выказаў гатовасць дапамагаць усім, хто гатовы ісці ў народ, паказваць альтэрнатыву і гаварыць пра сумленныя і справядлівыя выбары.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя