Анатоль Лябедзька: Ніякія прафсаюзы вам ужо не дапамогуць (абноўлена)



Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька на працягу двух дзён сустракаецца з прадпрымальнікамі Гарадзенскай вобласці ў межах акцыі па збору подпісаў па вылучэнню сваёй асобы кандыдатам у прэзідэнты. Адна з галоўных прапановаў патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты прадпрымальнікам – падтрымка палітычнай партыі, якая б абараняла іх інтарэсы перад дзяржавай:

– Вам ужо патрэбны не прафкам, не прафсаюз. Вам патрэбны палітычны саюз Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Вам трэба выстаўляць палітычныя патрабаванні. Бо яшчэ год-два такой эканамічнай палітыкі – і індывідуальнага прадпрымальніка, як на Гарадзеншчыне так і ў іншых рэгіёнах, трэба будзе запісваць у “Чырвоную кнігу” як знікаючы “від”.

Анатоль Лябедзька падчас сустрэчаў з прадпрымальнікамі Гарадзеншчыны шырока папулярызуе праграму “Пяць крокаў насустрач”.

Галоўныя прапановы тычацца адмены абавязковай сертыфікацыі, увядзенне трохгадовага мараторыя на праверкі з боку падатковай інспекцыі і пераход на асабістыя назапашвальныя пенсійныя рахункі для індывідуальных прадпрымальнікаў.

* * *

Папулярызацыя праграмы “Мільён новых працоўных месцаў” – адна з галоўных мэтаў паездкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі па Гарадзеншчыне. На працягу двух дзён палітык наведваў Гародню і Ліду, дзе не толькі збіраў подпісы выбаршчыкаў па вылучэнню сваёй кандыдатуры ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, але і тлумачыў жыхарам Прынёмання, што ў складаныя часы эканамічнага крызіса стварэнне новых працоўных месцаў – мэта, ажыццяўленнем якой павінна займацца дзяржава і яе кіраўніцтва:

 – У аснове – прыцягненне знешніх інвестыцый, моцнае развіццё малога і сярэднага бізнеса, зняццё бюракратычных перашкодаў і правільнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў – не на спецпаліклінікі, не на рэзідэнцыі – а на стварэнне новых працоўных месцаў. Гэта, канешне, не аднамомантны крок. Канешне, гэта праграма, якая патрабуе сямі-васьмі гадоў, якая прадугледжвае сістэмныя змены.

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук ужо выкарыстоўваў праграму “Мільён новых працоўных месцаў” у якасці сваёй асноўнай перадвыбарчай платформы. Спрабавала выкарыстаць гэтую праграму і ўлада – у снежні 2010 года на чацвёртым усебеларускім сходзе тагачасны міністар эканомікі Мікалай Снапкоў абяцаў на працягу пяці год ажыццявіць яе рэалізацыю.

Беларускае Радыё Рацыя