Анатоль Лябедзька: Парламент можа быць не такім маналітным
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай Партыі Анатоль Лябедзька мае надзею, што Ганна Канапацкая знойдзе падтрымку ў Палаце прадстаўнікоў. “Нягледзячы на татальнае прызначэнне ў Палату ды адсутнасць выбараў, парламент можа быць не такім маналітным, як падаецца,” – гаворыць лідар АГП:
– Мажліва, як было ў Вярхоўным Савеце 13-га склікання, была група Лукашэнкаўская, там былі прадпрымальнікі і там былі кіраўнікі прадпрыемстваў. І па эканоміцы яны галасавалі салідарна з намі. Таму што для іх гэта было абсалютна зразумела. У палітычных пытаннях – ужо гледзячы ад сітуацыі. Таму я думаю, па нейкіх эканамічных і сацыяльных пытаннях мы можам знайсці не толькі Анісім, але і больш шырокае кола.
“Харызма Ганны Канапацкай і прафесійнай каманды партыі можа добра гэтаму паспрыяць,” – дадае Анатоль Лябедзька.
Ганна Канапацкая разам з Аленай Анісім, намесніцай старшыні Таварыства Беларускай Мовы, сталі першымі ад 2004-га году апазіцыйнымі дэпутаткамі у Палаце прадстаўнікоў.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя