Анатоль Лябедзька: Пра перарэгістрацыю партый – не падавайце рэжыму „расстрэльныя спісы”
Правацэнтрысцкая кааліцыя працягвае дзейнічаць. Яна была створаная напрыканцы 2015 году Рухам «За свабоду», Беларускай хрысьціянскай дэмакратыяй і Аб’яднанай грамадзянскай партыяй. У першую чаргу высілкі кааліцыі цяпер прыкладаюцца ў міжнародным накірунку.
Пра гэта ў нашым эфіры распавёў экс-старшыня АГП Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай. Таксама ён пракаментаваў абвешачаную рэжымам Лукашэнкі перарэгістрацыю партый у Беларусі.
– Мая парада – не гуляйце ў напёрсткі з беларускім рэжымам. На мой погляд зараз было б вельмі важна ім зрабіць заяву, што яны не будуць гуляць з нелегітымнай уладай у гэтыя напёрсткі. Яны не будуць даваць ніякія „расстрэльныя спісы” гэтаму рэжыму, які не спыняе рэпрэсіі, якія канвеерам ідуць два гады.
Паводле Лябедзькі, у апазіцыйных партый ёсць мінімум 3 месяцы, каб выпрацаваць супольную пазіцыю, і кансультацыі ўнутры Беларусі ўжо адбываюцца. Як паведамлялася, папраўкі ў заканадаўства аб палітычных партыях прадугледжваюць строгія нормы, якія немагчыма нават фармальна выканаць партыям, створаным без санкцыі зверху.
Беларускае Радыё Рацыя