Анатоль Лябедзька пракаментаваў блакіроўку сайта “Хартыя’97”
Блакіроўка незалежных сайтаў можа азначаць падрыхтоўку ўладаў да наступных выбарчых кампаній.
Пра гэта заявіў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які разам з аднапартыйцамі ўдзельнічаў у перадвыбарчым пікеце на сталічным Камароўскім рынку. Так ён пракаментаў у прыватнасці блакіроўку ў Беларусі сайта “Хартыя’97”.
– Улада зараз глядзіць, дзе межы магчымага, якая рэакцыя ў грамадстве. Як рэагуе міжнародная супольнасць. Калі рэакцыя будзе вялая ці яе наогул не будзе, то, канешне, гэтая прастора будзе ўсё больш і больш звужацца. Бо наперадзе новыя кампаніі – гэта рэферэндум, парламенцкая і прэзідэнцкая кампаніі.
Нагадаем, Міністэрства інфармацыі Беларусі заблакавала для карыстальнікаў інтэрнэту інфармацыйны рэсурс „Хартыя’97”, рэдакцыя якога знаходзіцца ў Варшаве. Міжнародная супольнасць ужо выказалася супраць такога кроку беларускіх уладаў.
Польскае выданне Gazeta Prawna апублікавала заявы праваабаронцаў і дыпламатаў у падтрымку сайта “ Хартыя’97”. Неадкладна аднавіць доступ да партала заклікаў і прадстаўнік АБСЕ па пытанні свабоды СМІ Гарлем Дэзір. “Блакаванне доступу да апазіцыйнага беларускага парталу “Хартыя’97” з’яўляецца “непрымальным абмежаваннем права на свабоду выказвання”, – заявіў, у прыватнасці, Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя