Анатоль Лябедзька: Раніцай – выбары, вечарам – грошы



Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька распавёў пра тое, што прадстаўнікі беларускай апазіцыі рэкамендавалі ЗША.

Беларускія апазіцыйныя палітыкі сустрэліся ў Менску са старшым дарадцам па Еўропе, Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі камітэта па міжнародных зносінах Сената ЗША Дэміянам Мэрфі. З беларускага боку ў сустрэчы прымалі ўдзел старшыня руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, лідар АГП Анатоль Лябедзька і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец.

Анатоль Лябедзька: Красавік – гэта месяц, калі ў Вашынгтоне будуць прымаць рашэнне, што далей рабіць з кропкавымі візавымі і фінансавымі абмежаваннямі, якія ЗША ўводзіла да шэрагу беларускіх чыноўнікаў і «праўладнага» бізнесу. Натуральна, перад прыняццем гэтага рашэння амерыканцы вырашылі сабраць больш свежую інфармацыю пра тое, што зараз адбываецца ў Беларусі.

РР: Якую вы прадаставілі карціну?

Анатоль Лябедзька: Мы адзначылі, што сітуацыя ў краіне застаецца няпростай. Жорсткасць рэпрэсій зменшылася, але пры гэтым іх інтэнсіўнасць значна ўзраслы. Прывялі прыклад, што толькі на мінулым тыдні ў судах адбыўся разгляд каля 20 спраў з палітычным падтэкстам. Гэта гаворыць пра тое, што ніякіх асаблівых зменаў да лепшага не адбылося. Наадварот – судовы канвеер запрацаваў яшчэ больш моцна. Распавядалі мы і пра тое, што ў Беларусі па-ранейшаму не рэгіструюцца дэмакратычныя арганізацыі. Акрамя таго, падчас сустрэчы атрымала сваю долю крытыкі і палітыка Еўразвязу, бо тут трэба больш казаць пра “азербайджанізацыю” Беларусі, чым еўрапеізацыю. Гэта новыя выклікі і пагрозы. Сёння адкрываюцца новыя лініі фінансавання судовай сістэмы, улада стварае “фэйкавыя” няўрадавыя арганізацыя, каб атрымліваць еўрапейскія гранты, і ўсё гэта вядзе да кансервацыі становішча, а не да пераменаў. Нашы рэкамендацыі адносна будучага рашэння па абмежаваннях, калі казаць простымі словамі, былі такімі: раніцай – свабодныя і сумленныя выбары, вечарам – здамаюцца ўсе санкцыі. Тое самае датычыцца і крэдытных ліній.  Раніцай – празрыстыя выбары, вечарам – грошы. Усё вельмі зразумела і дакладна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя