Анатоль Лябедзька: “Расейская прапаганда – гэта страшны наркотык для беларусаў”



Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька заявіў, што ў Беларусі ніколі не пойдуць на забарону расейскіх тэлеканалаў. Чаму Беларусь пагадзілася на “расейскую атруту”, тлумачыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА.

Ва Украіне дарэмна забараняюць расейскія тэлеканалы. Такое меркаванне выказаў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька падчас сустрэчы з актывам БРСМ. “Гэта недарэчная прапанова, – заявіў Давыдзька. Мы зараз жывем у час такой інфармацыйнай прасторы, што забараняць што-небудзь бессэнсоўна. Усё можна паглядзець у Інтэрнэце”. У Беларусі, на яго думку, ніколі не пойдуць на такі крок.

Анатоль Лябедзька: Напэўна, на БТ кіраўніцтва з таго ж самага цеста, што і прапагандысты з Расеі, калі не бачаць нічога дрэннага ў расейскай прапагандысцкай прысутнасці ў Беларусі. А можа ў людзей проста ёсць калідор, па якім ім дазволена рухацца? Відаць, з-за нафты і газу беларуская ўлада гатовая цярпець самую хлуслівую расейскую прапаганду. Да таго ж, сёння высвятляецца, што ў Беларусі асобныя дзяржаўныя чыноўнікі маюць расейскае грамадзянства і нерухомасць у Маскве. Такім чынам, яны знаходзяцца не толькі ў палітычнай залежнасці, але і ў эканамічнай.

РР: Наколькі сёння для беларусаў небяспечная расейская прапаганда?

Анатоль Лябедзька: Гэта як страшны цяжкі наркотык! Ён атручвае атмасферу ў краіне, збівае людзей з панталыку, робіць іх больш злымі і цынічнымі. Калі казаць пра нейкую эпідэмію, то для Беларусі расейская прапаганда пройдзе з больш цяжкімі наступствамі чым вірус Эбола ў Афрыцы.

РР: Але ў свой час на БТ вельмі хутка адключалі расейскія перадачы, у якіх крытыкавалася беларуская ўлада…

Анатоль Лябедзька: Так, тэхнічны рубільнік у руках улады, таму сёння прысутнасць у такім фармаце з такім кантэнтам расейскіх тэлеканалаў – гэта палітычнае рашэнне афіцыйнага Менска.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя