Анатоль Лябедзька распавёў еўрапалітыкам пра сітуацыю ў Беларусі



„Не трэба надаваць вялікай увагі магчымаму прыезду на саміт „Усходняга партнёрства” Аляксандра Лукашэнкі. Але вядома, што партнёры Латвіі, якая старшынюе ў ЕЗ, расчараваныя пасіўнасцю латышскага боку ў пытанні ці запрашаць дыктатара на форум ці не”, – каментуе апошнія сустрэчы з еўрапейскімі палітыкамі старшыня партыі АГП Анатоль Лябедзька:

– Я задаваў гэта пытанне літоўскім парламентарыям, той жа Ажубаліс быў на пасяджэнні старшынь камітэтаў міжнародных спраў у краінах Еўрапейскага звязу.  Адчуваецца пакуль дастаткова такая вялаватая пазіцыя, інтрыга толькі ў тым прыедзе Лукашэнка ці не прыедзе – гэта ўсё ж такі пытанне можа „салёнае”, але ўсе чакаюць ці будзе нейкі прагрэс для Малдовы, для Грузіі і для Украіны, што датычыць іх перспектыў  уваходжання ў НАТА, у Еўрапейскі звяз. Пакуль ніякіх адказаў не гучыць і гэта многіх засмучае.

Раней паведамлялася, што беларуская дэлегацыя возьме ўдзел у саміце „Усходняга партнёрства” ў Рызе толькі на раўнапраўнай аснове. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.

„Мы павінны ўдзельнічаць на раўнапраўнай аснове, каб у адносінах да Беларусі не было ніякай дыскрымінацыі”, – сказаў міністр.

Рашэнне пра тое, хто ўзначаліць дэлегацыю, будзе прынята пазней, адзначыў Макей. Міністр дадаў, што Беларусь працягне свой удзел у праграме „Усходняе партнёрства” „да таго часу, пакуль будзе бачыць, што яна прыносіць карысць”.

Сам Лукашэнка назваў  праграму „Усходняе партнёрства” „непрадуманай, да канца не пралічанай акцыяй”.

Беларускае Радыё Рацыя