Анатоль Лябедзька: “Расстрэльныя спісы” спецслужбам Беларусі падавацца не будуць
Прадстаўнікі чатырох дэмакратычных партый падчас прэс-канферэнцыі ў Вільні 5 чэрвеня заявілі пра тое, што спісы сяброў партый праз адсутнасць гарантый бяспекі і наступстваў, звязаных з сяброўствам у партыях актывістаў, у Мінюст Беларусі перадавацца не будуць.
Прадстаўнікі дэмакратычных партый Беларусі прынялі такую рэзалюцыю, у якой яшчэ заклікаюць спыніць дзеянне Закону “Аб палітычных партыях” у новай рэдакцыі, Канстытуцыйны суд праверыць новую рэдакцыю Закона на адпаведнасць асноўнаму закону Беларусі ды іншым заканадаўчым актам.
Некаторыя партыі, як, напрыклад, Беларуская партыя „Зялёныя” і БСДП, ужо падалі дакументы на рэгістрацыю ў Мінюст без спісаў сябраў, а некаторыя партыі ўвогуле падаваць дакументы не збіраюцца (АГП, БНФ).
Кажа Вадзім Саранчукоў, намеснік старшыні партыі БНФ:
– Мы па-ранейшаму лічым закон, які прыняты ў Беларусі аб перарэгістрацыі палітычных партый не канструктыўным, не адпавядаючым духу заканадаўста. Таму мы ацэньваем яго як не закон (закон не закон). Таму рашэнне партыі ў тым, каб не падаваць дакументы на рэгістрацыю, не падаваць спісы з прычын бяспекі і клопату за бяспеку нашых сябраў.
Паводле Анатоля Лябедзькі, кіраўніка цэнтра “Еўрапейскі дыялог”, усе ацэньваюць гэта не як перарэгістрацыю партый, а як ліквідацыю, палітычную спецаперацыю:
– І асноўнае – гэта , канешне ж, ліквадаваць усякую альтэрнатыву ў Беларусі. І гэта можа быць часткай падрыхтоўкі да вельмі спецыфічнай выбарчай кампаніі, якая пройдзе ў наступным годзе ў Беларусі. І наогул сёння ў Беларусі ў сістэме лагера не можа быць ніякай альтэрнатывы, тым больш апазіцыйных палітычных партый. Але мяне цешыць, што партыі змаглі выпрацаваць агульную пазіцыю прыняцця рэзалюцыі і прыняць агульнае рашэнне не падаваць “расстрэльныя спісы” спецслужбам Беларусі.
Як кажа мадэратар сустрэчы, кіраўнік цэнтра “Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька, зараз узровень кансалідацыі партый, як ніколі, высокі. І ў хуткім часе яны зладзяць яшчэ адну прэс-канферэнцыю, дзе ўжо не чатыры прадстаўнікі партый, а дзевяць анансуюць свае далейшыя планы.
Нагадаем, цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 6 кіраўнікоў зарэгістраваных і незарэгістраваных партый: Рыгор Кастусёў, Мікалай Казлоў, Мікалай Статкевіч, Віктар Бабарыка, Павел Севярынец, Андрэй Дзмітрыеў.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя