Анатоль Лябедзька: Лукашэнка сам сябе публічна высек
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька атрымаў позву ў суд па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі салідарнасці з загінулымі журналістамі французскага гумарыстычнага часопіса Charlie Hebdo.
Акцыя «Я Шарлі» прайшла 11 студзеня ля пасольства Францыі ў Менску. Як падкрэслівае Анатоль Лябедзька, Лукашэнка на прэсавай канферэнцыі назваў ідыётамі тых, хто затрымліваў яго за гэтую акцыю, але «ідыёты» закрываць справу не спяшаюцца.
– Сітуацыя пікантная, ёсць інтрыга. Падчас прэс-канферэнцыі атрымалася, што Лукашэнка сам сябе публічна высек – то ён сем гадзінаў гаварыў, што ён слуга Закона і Канстытуцыі. Калі казалі, што трэба адпускаць палітычных вязняў, сказаў: “Ну, закон жа для ўсіх павінен быць аднолькавы”. А ў гэтай сітуацыі ён сказаў: “Ну, ідыёты, адкручвайце сітуацыю назад”. Гэта на самай справе падкрэслівае, што ў нас на самай справе няма закону, не дзейнічае Канстытуцыя, ёсць тэлефоннае права, і Аляксандр Лукашэнка ім карыстаецца.
Пасяджэнне суда пачнецца 4 лютага у 9.00 гадзін у судзе Цэнтральнага раёна Менска. Па словах палітыка, яму невядома, ці атрымалі ўжо позвы іншыя ўдзельнікі акцыі.
Адміністрацыйныя пратаколы за ўдзел у акцыі салідарнасці былі складзеныя таксама на былога рэдактара сатырычнай газеты „Навінкі” Паўла Канавальчыка і намесніка старшыні Беларускай партыі „Зялёныя” Дзмітрыя Кучука. На прэс-канферэнцыі 29 студзеня Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з затрыманнем у Мінску ля пасольства Францыі людзей з плакатамі «Я Шарлі».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Менску рыхтуюцца суды над удзельнікамі пікета ў падтрымку Charlie Hebdo, які адбыўся перад французскай амабасадай 11 студзеня. Пра гэта паведаміў удзельнік акцыі, лідар Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, з якім ужо паспрабавалі скантактавацца па гэтай справе супрацоўнікі міліцыі.
– Відаць, я прагназую, што будзе спраба перадаць акт і пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, каб я яго падпісаў і ў перспектыве будзе судовы працэс. Я сведчу, таму што адзін з удзельнікаў той акцыі салідарнасці ўжо атрымаў пратакол аб адміністацыйным правапарушэнні і сёння, відаць, атрымае яшчэ Зміцер Кучук. Так што рыхтуемся да судовага працэсу.
Усяго за трое сутак, з 7 па 9 студзеня, ад рук ісламскіх экстрэмістаў у Францыі загінулі 17 чалавек — дзесяць супрацоўнікаў сатырычнай газэты Charlie Hebdo, чатыры закладнікі ў парыжскай краме кашэрных прадуктаў, а таксама трое паліцыянтаў. Некалькі дзясяткаў чалавек атрымалі раненні. Па ўсім свеце прайшлі акцыі салідарнасці. 11 студзеня ў Парыжы прайшоў славуты Марш адзінства, у якім прынялі ўдзел сусветныя лідары.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя