Анатоль Лябедзька: Спадзяюся, на Дзень Волі прыйдзе шмат новых людзей



Дзень Волі ў гэтым годзе будзе праходзіць ва ўмовах нарастаючага эканамічнага крызісу і пры ўзрастаючай пагрозе незалежнасці Беларусі з боку Расеі. І гэтыя абставіны могуць паспрыяць, што да ўдзелу ў святкаванні 98-гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі далучыцца шмат новых грамадзянаў, – мяркуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сябра аргкамітэту па святкаванню Дня Волі Анатоль Лябедзька:

– Новыя людзі з’явяцца абавязкова, у першую чаргу гэта мерапрыемства для тых, хто адчувае, што знешнія рызыкі пагрозы ўзмацніліся. Ёсць ужо пагроза рызыкі не толькі эканамічнаму суверэнітэту, але і палітычнаму – Беларусі як краіне. Вось гэта, я думаю, будзе стымуляваць многіх людзей абавязкова трапіць у гэты час у Менск і быць побач. І засведчыць нашу занепакоенасць гэтым станам.

„Гэта ж павінна заклікаць і ўлады задумацца пра тое, дзе краіна апынулася праз 20 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі”, – сказаў Анатоль Лябедзька.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя