Анатоль Лябедзька: Спыніць правакацыю, накіраваную на знішчэнне маладога чалавека!



Палітрада Аб’яднанай грамадзянскай партыі адрэагавала адмысловай заявай на чарговае затрыманне, судзілішча і арышт моладзевага лідара, грамадскага актывіста Паўла Вінаградава.

Партыйцы прапанавалі лідарам іншых палітычных партый, кіраўнікам праваабарончых арганізацый, правесці тэрміновыя кансультацыі і стварыць агульны план супольных дзеянняў супраць пераследу Вінаградава, – адзначае лідар АГП Анатоль Лябедзька:

– Мы звярнуліся сёння раніцай да лідараў іншых палітычных структураў, якія надзвычай аператыўна адрэагавалі. Мы маем палітычную волю змагацца за Паўла Вінаградава ды іншых неабыякавых людзей. Мы павінны спыніць гэтую правакацыю, накіраваную на знішчэнне маладога чалавека. Калі не змагацца за Паўла Вінаградава, то мы не змагаемся самы за сябе.

«З’яўляемся сведкамі спланаванай кампаніі супраць Паўла Вінаградава. Яе мэта – не толькі запалохаць моладзевага лідара, але і падтрымліваць „градус страху“ ў грамадстве.

На прыкладзе ганення і расправы з Паўлам Вінаградавым нам пакідаюць абмежаваны выбар – альбо палітычная эміграцыя, альбо жыццё паводле прынцыпу „мая хата з краю», – гаворыцца ў заяве партыі АГП.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя