Анатоль Лябедзька: Тэма адзінага сёння не галоўная



Тэма адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах дэактуалізавалася, – лічыць лідар АГП, кандыдат ад партыі на пасаду прэзідэнта Анатоль Лябедзька. У цяперашняй сітуацыі найважнейшае – выкарыстаць выбарчую кампанію, каб дайсці да людзей і пераканаць іх у неабходнасці пераменаў:

– Тут трэба выкарыстоўваць выбарчую прэзідэнцкую кампанію як сітуацыю эканамічнага і сацыяльнага крызіса. Каб ісці да людзей. Каб пасіўных прыхільнікаў пераменаў рабіць актыўнымі. Сёння галоўнае не тэма адзінага, а тэма: як мы выкарыстаем выбарчую кампанію для таго, каб зрабіць яснае пасланне людзям і паспрабаваць іх аб’яднаць вакол эканамічнай альтэрнатывы і тэмы свабоды сумленных выбараў.

Галоўная задача, якую павінны перад сабой ставіць усе альтэрнатыўныя кандыдаты на пасаду прэзідэнта, – гэта пашыраць кола прыхільнікаў пераменаў і каб выбары праходзілі празрыста. Афіцыйная дата выбараў у Беларусі яшчэ не абвешчана, чакаецца, што яны пройдуць у кастрычніку.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя