Анатоль Лябедзька: Сёння ваенны хаўрас з Расеяй нас не абараняе



Пра магчымасць з’яўлення ў Беларусі расейскай ваеннай групоўкі ўжо ў гэтым годзе заявіў міністр абароны Эстоніі Маргус Цахкна, спаслаўшыся  на дадзеныя заходніх выведак. Па яго словах, пасля заканчэння ваенных вучэнняў „Захад – 2017” частка расейскіх войскаў могуць застацца ў Беларусі.

Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай апазіцыі не выключаюць такога сцэнару. Па меркаванню старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, непрадказальнасць характэрызуе сённяшні стан сітуацыі ў краіне.

– Нават сам Лукашэнка закладнік той стратэгіі развіцця, тых прыярытэтаў, якія ён выбраў, якія ён рэалізоўваў практычна больш за 20 гадоў. Бяспекі не стала болей. Нават ваенны хаўрус з Расеяй яе не павялічыў. Бо з якога боку глядзець – ці гэта бяспека, ці гэта новыя выклікі і пагрозы. Ідэальны варыянт у гэтай сітуацыі для Беларусі, канешне, быў бы нейтральны статус. Рэалізацыя таго, што дэкларавана як памкненне, як перспектыва. Сёння ваенны хаўрас з Расеяй нас не абараняе.

І зараз можна толькі гадаць, – расейскія войскі пасля вучэнняў выйдуць з Беларусі ці застануцца. І нават калі яны выйдуць, то гэта не здымае праблемы, – кажа Анатоль Лябедзька. Па яго словах, не выкарыстоўваецца магчымасць „Будапешцкага мемарандуму”, у якім на словах дадзены гарантыі бяспекі Беларусі  з боку ядзерных дзяржаваў: ЗША, Вялікабрытанні, Расеі. Неабходна стварыць новую рэдакцыю гэтага дакумента і прапісаць механізмы, якія дазваляюць дзейнічаць, калі ўзнікне пагроза для бяспекі нашай краіны, – лічыць Анатоль Лябедзька.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя