Анатоль Лябедзька: „Таксічныя” чыноўнікі не павінны пачувацца камфортна



На сайце petitions.by прапануецца паставіць свой подпіс за адстаўку старшыні Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзіі Ярмошынай. Кампанію па зборы подпісаў ініцыяваў палітык Анатоль Лябедзька. Па яго словах, прозвішча Ярмошынай стала ў Беларусі імем намінальным. «Гэта сінонім слоў „хлусня”, „падман” і „фальсіфікацыя””, – кажа Лябедзька.

– Перад тым як спыніцца менавіта на Ярмошынай, я зрабіў апытанку ў адной з сацыяльных сетак, дзе за мяне прагаласавала больш за 3 тысячы, і спытаў у іх пасля адстаўкі Шуневіча: на ваш погляд, які чыноўнік з’яўляецца нумарам адзін па «таксічнасці»? І 75 адсоткаў набрала Ярмошына. Так што, гэта не толькі мае асабістыя прэтэнзіі да яе, але і вялікай колькасці людзей.

«Гэта ў тым ліку з-за Ярмошынай амаль сем мільёнаў выбарцаў Беларусі не маюць права выбару», – адзначае Анатоль Лябедзька, і дадае, што такім людзям не павінна быць камфортна перад тэлевізійнымі камерамі.

– Амаль кожны дзень „вылазіць” на экран Ярмошына і робіць розныя заявы. Як быццам у нас насамрэч нічога не адбываецца, што ў нас сапраўдныя выбары, што ў нас тут ніхто не махлюе, не фальсіфікуе. Я б не хацеў, каб прыязджалі міжнародныя назіральнікі, ці прадстаўнікі міжнародных арганізацый, сустракаліся з Ярмошынай, а яна пачувалася б абсалютна камфортна. Яны не павінны пачувацца вось так вальготна, проста нахабна выходзіць на тую самую тэлевізію і яшчэ нават павучаць, як трэба праводзіць выбары ў той самай Еўропе.

Анатоль Лябедзька разумее, што толькі замена асобы Ярмошынай на іншую не прынясе зменаў у механізм правядзення выбараў у Беларусі. Тым не менш палітык лічыць, што такі крок, як збор подпісаў за адстаўку старшыні Цэнтрвыбаркама, запусціць дыскусію ў грамадстве, дапаможа зрабіць крок насустрач пераменам у выбарчым заканадаўстве і ў выніку прывядзе да справядлівага падліку галасоў выбарцаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя