Анатоль Лябедзька: Тое, што адбудзецца ў лютым, лепш назваць спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады
У лютым 2024 года ў Беларусі адбудуцца так званыя выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў. Разам з тым 11 палітычных партый у краіне ліквідаваныя. Акрамя таго, кампанія будзе адбывацца на фоне рэпрэсій і адсутнасці незалежных СМІ. Ці можна назваць выбарамі тое, што будзе адбывацца ў лютым 2024? І ці чакаць узмацнення рэпрэсій? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае прадстаўнік офісу Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька ў гутарцы з Юліяй Сівец.
РР: У Беларусі набліжаюцца выбары, калі іх так можна назваць. Хаця 11 палітычных партый ліквідавалі. Як можна ўвогуле назваць гэты працэс? Што гэта адбываецца?
Анатоль Лябедзька: Калі ты кажаш “выбары”, то, напрыклад, у чалавека, які жыве ў Польшчы, Літве ці Нямеччыне, узнікаюць пэўныя асацыяцыі, што гэта канкурэнцыя праграмаў асобаў, гэта максімум адкрытасці, транспарэнтнасці, але нічога гэтага няма ў Беларусі. Таму тое, што будзе адбывацца ў лютым, лепш назваць спецаперацыяй па ўтрыманні ўлады.
А другая задача – гэта паспрабаваць атрымаць легітымізацыю ўнутры краіны. Папярэднія выбарчыя кампаніі не мелі для рэжыму міжнароднай легітымізацыі, а ўнутраная яна ўсё ж такі была.
Унутраная легімітызацыя – гэта азначае давер людзей да тых лічбаў ці да вынікаў кампаніі. А вось у 2020 годзе гэта разбурана.
РР: Ці варта чакаць яшчэ большага ўзмацнення рэпрэсій, яны і так не спыняюцца?
Анатоль Лябедзька: На гэтае пытанне адказаў адзін з кіраўнікоў ГУБАЗіКа: “Мы працягваем рэпрэсіі, бо як толькі мы іх спынім, людзі зноў выйдуць на вуліцу”. У іх ёсць такое адчуванне і разуменне, што пратэст нікуды не знік. Яго няма на вуліцах, але ён недзе ў галаве, унутры людзей. А гэта азначае, што калі праводзіць такую ўсё ж такі публічную кампанію, то трэба трымаць градус страху на высокім узроўні. Вось гэтая палітычная тэмпература будзе трымацца да самой выбарчай кампаніі. І натуральна не адкруцяць і не знізяць. А далей ужо Лукашэнка будзе глядзець на сітуацыю. Але да выбарчай кампаніі я прагназую, што ўзровень рэпрэсій застанецца такім, як сёння.
У Беларусі засталося ўсяго чатыры палітычныя партыі. Гэта “Белая Русь”, Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычныя партыя і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Усе апазіцыйныя палітычныя партыі дэмакратычнай скіраванасці былі ліквідаваныя.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя