Анатоль Лябедзька: Трэба працягваць збіраць матэрыялы пра зніклых палітыкаў
Справы палітычна матываваных знікненняў у Беларусі нельга забываць. Іх трэба расследаваць, пакуль не будзе высветлена праўда, – за гэта выказаліся ўдзельнікі канферэнцыі, якая прайшла ў офісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Менску. Мерапрыемства прымеркавана да 15-й гадавіны знікнення беларускага палітыка Віктара Ганчара і бізнэсмена Анатоля Красоўскага. Па словах старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, падчас дыскусіі ўзгаданыя і прааналізаваныя ўжо вядомыя факты аб датычнасці да злачынства некаторых высокіх службовых асобаў з кіраўніцтва Беларусі . Таксама прапанаваны далейшыя дзеянні, каб праўда аб знікненнях была высветлена да канца.
– Што можна рабіць сёння? Калі гэтая тэма ўжо не ў трэндзе, калі людзі стаміліся, калі міжнародная супольнасць не заўсёды актыўна рэагуе на гэтую тэму. І мы вызначылі 5-6 канкрэтных пазіцый, пачынаючы ад таго, што трэба зафіксаваць усе дакументальныя сведчанні людзей, якія сёння яшчэ жывуць, якія могуць сказаць і выступіць сведкамі.
Па словах Анатоля Лябедзькі, акрамя юрыдычна абумоўленага збірання і аналізавання матэрыялаў, неабходна публіцыстычнае і нават мастацкае асэнсаванне фактаў палітычных выкраданняў. Трэба пісаць кнігі і здымаць дакументальныя і нават мастацкія фільмы пра гэтыя падзеі і людзей, якія сталі ахвярамі гвалту, пра Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, – прапанаваў Анатоль Лябедьзка.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя