Анатоль Лябедзька: У адзіным спісе можа быць і больш за 110 кандыдатаў
Ідзе складаны працэс узгаднення пазіцый паміж рознымі суб’ектамі дэмакратычнай апазіцыі напярэдадні кампаніі па выбарах у парламент, – так ацаніў вынікі нарады дэмакратычных арганізацыяў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Пасяджэнне адбылося ў Менску. АГП разам з Рухам „За свабоду” і аргкамітэтам па стварэнню Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ўтварылі правацэнтрысцкую кааліцыю і шчыльна каардынуюць свае пазіцыі і дзеянні.
– Правацэнтрысты выступаюць за яснасць, за канкрэтыку. Мы за адзіны спіс, але для нас “адзіны спіс” не ёсць сінонімам “адзін кандыдат”. Таму што толькі папуліст, які не разумее сітуацыю, можа гаварыць, што так проста гэтае пытанне вырашаецца. Адзіны спіс – гэта добра. Там, дзе не атрымліваецца, там мусіць быць вельмі шчыльная каардынацыя. І другое, мы падтрымліваем, што адзінае пасланне, калі мы дамаўляемся, мусіць быць у кожнага кандыдата ад адзінага спісу, але гэта не ёсць роўна 110 кандыдатаў, можа быць і больш.
Па словах Анатоля Лябедзькі, абмеркаванне працягнецца на наступным пасяджэнні нарады дэмакратычых арганізацыяў. На ім пойдзе размова аб працэдурах выхаду на адзіны спіс апазіцыі на парламенцкіх выбарах.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя