Анатоль Лябедзька: У краіне даўно вядзецца палітычны вышук
Палітык Анатоль Лябедзька пракаменціраваў відэакамеру ў шпакоўні, якая здымала збор подпісаў.
Відаць, сілавікі, у чые абавязкі ўваходзіла відэаздымка пікетаў па зборы подпісаў у падтрымку альтэрнатыўных кандыдатаў, крэатыўна падышлі да выканання сваіх абавязкаў у Ваўкавыску.
Як паведаміў volkovysk.by, відэакамера для здымкі працэсу была ўманціравана ў шпакоўню, падвешана на дрэва прама насупраць столікаў, за якімі сядзелі зборшчыкі подпісаў.
Анатоль Лябедзька: Мяне радуюць такія крэатыўныя падыходы, хаця гэта не навіна, што ў краіне вядзецца палітычны вышук. Гэта практыкуецца даўно. Не думаю, што ёсць нейкія дазволы на праслухоўванне, і асабіста я не раз з гэтым сутыкаўся.
Першы раз здарылася сітуацыя, калі майстар, які прыйшоў аднавіць тэлефонную сувязь, знайшоў сучаснае прыстасаванне для праслухоўвання, якое на працягу 24 гадзін у суткі здымала ўсю інфармацыю з маёй кватэры. Таму мае падазрэнні, што сілавікі за мной сочаць, атрымалі доказ на сто адсоткаў.
РР: А яшчэ ў 2015 годзе вы знайшлі ў кафэ “жучок” у сурвэтніцы…
Анатоль Лябедзька: Так, у гэтым кафэ на плошчы Перамогі мы ладзілі сустрэчу з Уладзімірам Някляевым і Міколам Статкевічам. Калі селі за столік, да нас падышла афіцыянтка і паставіла сурвэтніцу. Мяне гэта крыху здзівіла, таму я ўзяў сурвэтніцу ў рукі і пачаў круціць туды-сюды.
Пасля гэтага адкруцілася ніжняя частка і там знайшлі “жучок”. Гэтая канструкцыя была больш прымітыўная, але, тым не менш. Так што відэакамера ў шпакоўні — гэта ўжо відавочны прагрэс сілавікоў.
РР: Вы спрабавалі ў свой час высвятліць, ці законным было праслухоўванне?
Анатоль Лябедзька: На любую такую спецаперацыю сілавікі і насамрэч павінны былі браць дазвол у пракуратуры. Я рабіў запыты ў Генеральную пракуратуру на прадмет таго, ці давалі яны нейкі дазвол.
Адказалі прыкладна так: да нас ніхто не звяртаўся, дазволу на ваша праслухоўванне мы не давалі. Але факты сведчылі, што праслухоўванне было.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя