Анатоль Лябедзька: У МЗС паслам Еўразвязу паказалі кіно
Палітык Анатоль Лябедзька выказаў меркаванне, пра што даводзілі еўрапейскім амбасадарам у Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
18 чэрвеня амбасадары краін Еўразвязу былі запрошаныя на сустрэчу ў МЗС Беларусі, дзе ім расказалі аб прычынах затрымання Віктара Бабарыкі.
Праўда, афіцыйнай інфармацыі пра сустрэчу няма.
Анатоль Лябедзька: Можна спрагназаваць, што зараз робяць беларускія ўлады. Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, нібыта кінамеханік, заклікаў амбасадараў на прагляд фільма пра тое, як беларускі кіраўнік абараняе незалежнасць Беларусі і Еўропы ад расейскіх пагрозаў.
Думаю, гэта было адным з галоўных пасланняў амбасадарам, бо збіралі толькі прадстаўнікоў Еўразвязу. Беларускія ўлады разумеюць, што пасля заяў некаторых аўтарытэтных еўрачыноўнікаў, якія заклікалі пераглядзець адносіны да Беларусі ў сувязі з апошнімі рэпрэсіямі, нельга не адрэагаваць на заходні накірунак.
Таму спрабуюць пераканаць Захад, што Бабарыка – гэта цалкам расейскі агент, і што трэба абараняць Беларусь, а таму ўлады і ідуць на такія жорсткія захады.
Прысутнасць падчас сустрэчы прадстаўніка сілавога ведамства таксама гаворыць пра тое, што акцэнт яны робяць, каб яшчэ і паказаць Бабарыку крымінальнікам.
РР: Што ёсць насамрэч?
Анатоль Лябедзька: Я не выключаю, што ў дзейнасці “Белгазпрамбанка” ёсць пэўныя хібы, але давайце паглядзім, калі пачаліся затрыманні, і як усё было зроблена. Гэта паказвае на палітычны пераслед.
Мне падаецца, беларускага кіраўніка ў першую чаргу клапоціць не чысціня фінансавых банкаўскіх аперацый, а менавіта асоба Віктара Бабарыкі, як фаварыта гэтай выбарчай кампаніі.
Таму задача стаіць – палітычна знішчыць Бабарыку. А ўжо затым будуць разбірацца з усім астатнім. І ўсё астатняе – на 25-м месцы.
РР: А які фільм пакажуць кіраўніку МЗС Расеі Сяргею Лаўрову, які сёння прылятае ў Менск?
Анатоль Лябедзька: Не выключана, што кінамеханік будзе той жа самы – Уладзімір Макей, але фільм будзе некалькі іншы. Мы ўжо звыкліся, што афіцыйны Менск пастаянна лавіруе паміж Захадам і Усходам.
Лаўроў прыязджае, як пасланнік Пуціна. І вельмі цікава: што ў партфелі таварыша Лаўрова? Якое ён пасланне прывёз для Лукашэнкі?
Я не выключаю, што там можа быць і бізун, і пернік. І могуць быць розныя сцэнары. Не выключана, што калі беларуская ўлада падпіша нейкія пагадненні па інтэграцыі, і адкруціць сітуацыю па “Белгазпрамбанку”, то Масква можа падтрымаць Лукашэнку на выбарах.
Калі на гэта не пойдуць, то я чакаю больш жорсткіх паводзін Крамля ў адносінах да беларускай улады. Увогуле, можа ўпершыню скласціся сітуцыя, калі не толькі Захад не прызнае вынікі гэтых выбараў, але і Масква.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя