Анатоль Лябедзька: У такой сітуацыі людзі маюць права на пратэст
Набліжаецца дата 8 снежня – 20-годдзе стварэння так званай Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. Раней было заяўлена, што ў Маскве павінны адбыцца перамовы кіраўніцтва краінаў і падпісанне пакету дакументаў аб паглыбленай інтэграцыі. Зараз гэтая дата пад пытаннем. І ўсё ж, наколькі рэальна для незалежнасці Беларусі пагроза „паглыблення інтэграцыі”?
Пра гэта размаўляем з дырэктарам грамадскай установы „Еўрапейскі дыялог” Анатолем Лябедзькам.
Анатоль Лябедзька: Я думаю, што зараз пад пагрозай наогул правядзенне такой нарады з удзелам Лукашэнкі і Пуціна. Мы пакуль зыходзім з таго, што з 31 дарожнай мапы па інтэграцыі падрыхтаваны да падпісання 21. І застаёцца нявырашаным лёс найбольш складаных пытанняў, датычных грамадзянскага кодэксу, падаткавай сістэмы, сельскай гаспадаркі. Таму пакуль інтрыга захоўваецца, — ці будзе нешта 8 снежня? А калі яно адбудзецца, то ці будзе падпісана тое, што анансавана? Гэта толькі падкрэслівае, што на сённяшні дзень ёсць праблемы і што Лукашэнка адчувае, што ён сам сабе 20 год назад падрыхтаваў не свята, а пастку. Нягледзячы на тое, што змест гэтай павесткі дня быццам эканамічны, але эканоміка можа быць інструментам палітыкі. Таму, канешне, ёсць засцярога. І гэта тая сітуацыя, калі нават вада не кіпень, на яе трэба дзьмуць. Я думаю, што трэба быць падрыхтаваным да самых розных варыянтаў, у тым ліку і негатыўных.
RR: Аляксандр Лукашэнка ўжо казаў, што хоча ад Расеі зніжэння коштаў на газ, кампенсацыі за падатковы манёўр, адкрыцця рынкаў, якія Расея перыядычна прыкрывае для беларускай прадукцыі. А чаго хоча Расея? Прыватызацыі найбольш прыбытковай беларускай прамысловасці – нафтаперапрацоўчых заводаў, Беларускалію, чыгункі, яшчэ чаго-небудзь, ці ўвогуле ўсяго?
Анатоль Лябедзька: Пасля 25 гадоў мы канстатуем, што Лукашэнка прыватызаваў уладу, прыватызаваў эканоміку, прыватызаваў краіну. Што хоча Пуцін? Ён хоча хаця б частковай дэпрыватызацыі таго, што здзейсніў Лукашэнка, але на сваю карысць. Ці гатовы Лукашэнка падзяліцца палітычнымі і эканамічнымі актывамі з Пуціным? – А пытанне стаіць менавіта так. Не, ён хацеў бы, канешне, ўсё гэта кантраляваць манапольна. Ці вытрымае ён гэты ціск? – Час пакажа.
RR: Перамовы па гэтых „дарожных мапах” ідуць зачынена, патаемна. І гэта найбольш трывожна.
Анатоль Лябедзька: Кулуарнасць, тое, што ўсё адбываецца за зачыненымі дзвярымі, – гэта яшчэ адзін момант, які насцярожвае. У гэтым ёсць адметнасць і асаблівасць беларуска-расійскіх адносінаў. Манаполія фактычна двух людзей, можна сказаць, сям’і Пуціна і сям’і Лукашэнкі. У адносінах да грамадзянаў, і не толькі Беларусі, але і Расеі гэта выглядае несправядліва і неправільна. Таму што грамадзянская супольнасць, экспертная супольнасць да гэтага не дапушчаны, не кажучы ўжо аб шараговых грамадзянах абедзвюх краінаў. Гэта слабое месца перамоўнага працэсу. І гэта дае маральнае і палітычнае права грамадзянам, калі яны не пагаджаюцца з тым, што прапануецца, права на пратэст.
RR: Аднак Аляксандр Лукашэнка недаўна заяўляў, што не падпіша ніякіх дакументаў, якія будуць хоць у нечым супярэчыць Канстытуцыі і пагражаць суверэнітэту краіны. Вас гэта неяк супакойвае?
Анатоль Лябедзька: За 25 гадоў мы прывыклі, што словы Лукашэнкі насамрэч не маюць высокай каштоўнасці. Гэта дэвальваваныя словы. Таму што ён з ранку можа гаварыць адно, а ўвечары гэта ж самае абвяргаць. Таму, канешне, словы Аляксандра Лукашэнкі не супакойваюць нікога. Напрыклад, нават фінансы. Бачна, што пачаўся працэс дэвальвацыі беларускай валюты, як раз па меры набліжэння гэтай даты – 8 снежня. Не гаворачы ўжо аб недаверы грамадзянаў краіны. Нам трэба рэагаваць не столькі на словы Лукашэнкі, колькі на рэальныя дзеянні, якія адбываюцца…
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя