Анатоль Лябедзька: У Вільні адбыўся Парламенцкі Форум за дэмакратыю



Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прыняў удзел у Парламенцкім Форуме за дэмакратыю ў Вільні. Мерапрыемства было прысвечана 25-годдзю аднаўлення незалежнасці Літвы. Удзельнікі форуму ўшанавалi памяць расейскага апазіцыянера Барыса Нямцова, якi планаваў прыняць удзел у мерапрыемстве, а таксама абмеркавалі шэраг важных палітычных тэм, паведаміў Анатоль Лябедзька:

– Вільня даўно ўжо з’яўляецца цэнтрам, дзе адбываюцца такія падзеі, куды запрашаюць беларусаў, дзе самі беларусы нешта ініцыююць. Я прымаў удзел у Парламенцкім Форуме за дэмакратыю. Гэта пляцоўка, якая дзейнічае ўжо некалькі гадоў. Я адзін з заснавальнікаў гэтай інстытуцыі. І гэтым разам была на мой погляд дастаткова цікавая дыскусія. Калі гаварыць пра тэмы, то бадай што галоўная была Украіна. Калі гаварыць пра асобы – то гэта Нямцоў. Былі дзеючыя і былыя парламентарыі Літвы, Польшчы, Украіны, Расеі ў асобе Уладзіміра Рыжкова.

Анатоль Лябедзька таксама выступіў з дакладам па сітуацыі ў Беларусі ў разрэзе расейска-украінскай вайны. Пасля ён удзельнічаў у адмысловай дыскусіі разам з Уладзімірам Рыжковым і ўкраінскім дэпутатам, экс-старшынёй крымска-татарскай Мэджліса Мустафой Джамілевым, былым кіраўніком літоўскай дыпламатыі Аўдронюсам Ажубалісам. Яны абмеркавалі магчымыя наступствы вайны на Данбасе для Прыбалтыкі і Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя