Анатоль Лябедзька: Унутраная легітымнасць выбараў вельмі нізкая



Выбаршчык у Беларусі не прызнае вынікі парламенцкіх выбараў, – у гэтым перакананы Анатоль Лябедзька. Такое меркаванне старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі выказаў у час прэс-канферэнцыі Правацэнтрысцкай Кааліцыі. Паводле палітыка, сама ідэя выбараў у краіне з гэтай уладай сябе дыскрэдытавала.

Анатоль Лябедзька

“Сотні сустрэч з людзьмі па краіне паказалі, што грамадства не давярае вынікам выбараў,” – гаворыць Анатоль Лябедзька:

– Відаць, гэта першая кампанія, калі легітымнасць унутры краіны будзе найніжэйшая. Упершыню выбаршчык гатовы не прызнаваць гэтыя выбары як сумленныя. Другая небяспека, і гэта таксама з’яўляецца адметнасцю гэтай кампаніі, што знешняя легітымнасць можа ўзрасці.

Анатоль Лябедзька адзначыў, што апазіцыйныя структуры паспяхова правялі палітычную выбарчую кампанію. Палітык мяркуе, што дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў выбарах партыйныя структуры набралі добры рэйтынг і здабылі новых прыхільнікаў.

Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11-га верасня.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя