Анатоль Лябедзька: Уся зала пляскала ў далоні…
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Анатоль Лябедзька ўспамінае пра слаўную дату ў гісторыі Беларусі.
26 гадоў таму, 19 верасня 1991 года, Вярхоўны Савет прыняў закон, паводле якога дзяржаўным гербам Беларусі «з’яўляецца старажытны беларускi герб «Пагоня», якi ўяўляе сабой выяву размешчанага на чырвоным фоне коннiка белага колеру, скiраванага ў левы бок, з узнятым мячом i шчытом з крыжам».
Анатоль Лябедзька: У нашым жыцці бываюць светлыя дні і цёмныя. 19 верасня 1991 года якраз і стаў тым самым светлым днём. Інакш і быць не магло. Вярхоўны Савет 12-га склікання быў пракамуністычны, большасць дэпутатаў належылі да наменклатуры. Але дзве траціны прагаласавалі менавіта за “Пагоню”! Уяўляеце, якія былі пачуцці тады ў людзей, якія за гэта агітавалі. Я добра памятаю, што пасля галасавання ўся зала ўстала і пляскала ў далоні – і дэмакраты, і партыйныя наменклатуршчыкі.
РР: Здаецца, было некалькі галасаванняў…
Анатоль Лябедзька: Так. Памятаю, калі большасць ужо прагаласавлі за “Пагоню”, ускочыў генерал Мілаванаў і крычаў, што пытанне трэба зняць з галасавання. Маўляў, дэпутат Шыпко прагаласаваў замест дэпутата Шэймана. І тут адчыняюцца дзверы, у залу заходзіць Віктар Шэйман і кажа: “Шыпко галасаваў па маёй просьбе, пацвярджаю голас”. Вось такія павароты гісторыі!
РР: Чаму, на ваш погляд, праз некалькі гадоў усё ізноў перавярнулася?
Анатоль Лябедзька: Што адбылося, тое адбылося. Але сёння я жыву з надзеяй, што вернецца і “Пагоня”, і бел-чырвона-белы сцяг. Не трэба быць песімістам, а варта працаваць на вяртанне нацыянальных сімвалаў. Паўтаруся, 26 гадоў з наменклатурай была праведзена вялізная праца, і ў выніку “Пагоня” стала афіцыным дзяржаўным гербам. Таму і сёння кожнаму на сваім месцы трэба тлумачыць людзям, што наша гісторыя пачынаецца не з абрання Лукашэнкі прэзідэнтам і не з Вялікай Айчыннай вайны.
Кастусь Заблоцкі, Беларйскае Радыё Рацыя