Анатоль Лябедзька: Усё роўна зарэгіструюць 5-6 кандыдатаў



Палітык Анатоль Лябедзька лічыць, што ніводны з прэтэндэнтаў рэальна не збярэ 100 тысяч подпісаў.

Для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2020 года зарэгістравана 15 ініцыятыўных групаў. Збор подпісаў стартуе 21 мая і прадоўжыцца да 19 чэрвеня.

Анатоль Лябедзька: Я перакананы, што неабходныя для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты 100 тысяч подпісаў у сённяшніх умовах рэальна не можа сабраць ніводны прэтэндэнт, уключаючы і дзеючага беларускага кіраўніка.

Магчыма, ёсць невялікі шанц дасягнуць такой лічбы ў Віктара Бабарыкі. Ён зараз, што называецца, злавіў кураж на гэтай кампаніі, але пакуль ягоная прастора – гэта Інтэрнэт.

Натуральна, за Аляксандра Лукашэнку таксама збяруць 100-150 тысяч пашпартоў і, тым самым, забяспечаць яго рэгістрацыю.

Гэта – аб’ектыўная рэальнасць. Бо каронавірус, безумоўна, сёння глушыць любую актыўнасць, і шматлікія людзі будуць выбіраць паміж асабістай бяспекай і тым, што прапануе ўлада.

РР: Адным словам, чэргаў да зборшчыкаў подпісаў не будзе?

Анатоль Лябедзька: Безумоўна, не будзе, хаця такія чэргі ў 2010 годзе і насамрэч былі, каб паставіць подпіс за Уладзіміра Някляева ці Андрэя Саннікава.

Што зараз атрымаецца на выхадзе? Сама рэгістрацыя кандыдатам становіцца надзвычай складаным і важным фактарам. Калі ніхто не зможа сабраць 100 тысяч подпісаў, то атрымліваецца, што ўсе знаходзяцца ў сферы ўплыву тых, хто арганізоўвае гэтую выбарчую кампанію.

Яны будуць вырашаць – рэгістраваць таго ці іншага чалавека альбо не. І заўсёды будуць мець інструмент паставіць на месца таго, хто не сабраў подпісы, каб яго не зарэгістраваць. На вялікі жаль, карціна будзе выглядаць менавіта так.

РР: На ваш погляд, колькі ў выніку будзе зарэгістравана кандыдатаў?

Анатоль Лябедзька: А гэта абсалютна неістотна, хаця, мяркую, 5-6 кандыдатаў усё роўна зарэгіструюць. Ва ўлады будзе дылема: каго пакінуць, каб яны хоць нейкім чынам дапамагалі падняць яўку выбарцаў, якая, як я прагназую, будзе зусім невысокай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя