Анатоль Лябедзька ўзяў удзел у працы саміта лідараў ЕНП
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька на саміце лідараў Еўрапейскай народнай партыі заклікаў еўрапейскіх палітыкаў падтрымаць на сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе рэзалюцыю з крытыкай Беларусі.
Сесія адбудзецца ў Менску 5-9 ліпеня. Рэзалюцыю падрыхтаваў літоўскі парламентарый Лаўрынас Касчунас. У праекце дакумента гаворыцца пра неабходнасць рэабілітацыі палітвязняў, адмену смяротнага пакарання, а таксама выказваецца занепакоенасць з нагоды будаўніцтва АЭС у Астраўцы.
Як лічыць Лябедзька, гэтая рэзалюцыя з’яўляецца хатнім заданнем для беларускіх уладаў, што яны павінны зрабіць.
Палітык расказаў, што выступіў у прысутнасці канцлера Нямеччыны Ангелы Меркель, старшыні Еўрапейскага савета Дональда Туска, старшыні Еўракамісіі Жан-Клода Юнкера і іншых і данёс да іх пасланне правацэнтрысцкай кааліцыі.
Таксама Лябедзька паведаміў, што ў кулуарах перагаварыў з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і прадстаўнікамі Польшчы.