Анатоль Лябедзька: Важна, каб беларусы далей давяралі, і над гэтым трэба працаваць



Раскол у «ByPol». Ці вырашэнне скандальнай сітуацыі задаволіць дэмакратычную супольнасць? Па выніках сустрэчы калектыву «ByPol» з лідаркай дэмакратычнай супольнасці Святланай Ціханоўскай аб’яднанне сілавікоў «ByPol» аддзеліцца ад фонду «ByPol». Далей будуць функцыянаваць дзве асобныя структуры, адказныя за бяспеку.

Тут галоўнае, кажа беларускі палітык Анатоль Лябедзька, што ўся гэтая сітуацыя з «ByPol» паказала хібы з пытаннямі бяспекі ў колах беларускай апазіцыі. Важна, каб беларусы далей давяралі, і над гэтым трэба працаваць.

Пытанне бяспекі застаецца як у швейцарскім банку. Ёсць гарантыя. Вось гэта галоўнае зараз. Псіхалагічны фактар. Падкрэсліваю, зараз дадатковая адказнасць кладзецца на ўсіх удзельнікаў гэтага канфлікту. Прыйшлі новыя людзі ў палітыку. Шмат нейкіх добрых якасцяў, пазітыўных, але пакуль няма адчування ўзроўню адказнасці. «ByPol» – гэта не проста нейкае NGO. Ёсць адносіны там да таго, што можна называць ценявым урадам. Гэтага бракуе. І пра адказнасць мы мусім гаварыць зараз моцна, гучна.

Аб’яднанне сілавікоў Беларусі раскалолася на дзве арганізацыі. Частка супрацоўнікаў неўзабаве мае вызначыцца з назваю, формай юрыдычнай асобы і кірункамі працы. А ў адказнасці Аляксандра Азарава, які ўваходзіць, як у «ByPol», так і ў Аб’яднаны пераходаны кабінет – застаецца план «Перамога». Які, як сцвярджаюць прадстаўнікі кабінету: “у поўнай бяспецы, працягваецца праца над яго напаўненнем». План „Перамога” – ініцыятыва беларускай апазіцыі, якая вядзе да стварэння народнага апалчэння, якое прымусіць рэжым перадаць уладу беларускаму народу.

Беларускае Радыё Рацыя