Патрэбны змены сістэмы кіравання ў краіне
Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці абмеркавалі ў Менску Антыкарупцыйную платформу. Гэты дакумент з’яўляецца альтэрнатывай Закону „Аб барацьбе з карупцыяй”, які плануюць прыняць беларускія ўлады. Паводле старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, абмеркаванне ідзе з удзелам экспертаў, а таксама грамадскіх актывістаў. Асноўная ідэя дакументу ў тым, што эфектыўная барацьба з карупцыяй магчыма толькі пры змене сістэмы кіравання ў краіне:
– Якасць гэтага дакумента значна больш высокая, чым таго, які калісьці прапаноўваў Аляксандр Лукашэнка як антыкарупцыйны даклад. Гэта быў проста набор фактаў, не заўсёды правераных. А мы ўсё ж такі даём сістэмны аналіз таго, што ёсць, і набор мераў, канкрэтных дзеянняў, што трэба рабіць. Вызначаны накірункі, і па кожнаму накірунку яшчэ пункты, што канкрэтна трэба рабіць, каб зменшчыць карупцыю ў Беларусі.
Трэба вярнуцца да прынцыпу падзелу ўладаў, надаць судовай галіне самастойнасць, зрабіць выбары дэмакратычнымі, сумленнымі і празрыстымі. Па-другое, трэба ўводзіць грамадскі кантроль за працай чыноўнікаў, толькі гэта дапаможа ў змаганні з карупцыяй, – лічыць Анатоль Лябедзька.
* * *
Карупцыю ў Беларусі можна перамагчы толькі агульнымі намаганнямі ўсяго грамадста, – лічыць старшыня аб’яднанай партыі левых „Справядлівы свет” Сяргей Калякін. За апошнія 20 гадоў у краіне склалася сістэма кіравання, шмат у чым падобная на мафіёзную. Змагацца з такой сістэмай асобнымі крокамі немагчыма. Неабходны каардынальныя змены ў грамадстве. Зараз апазіцыя распрацоўвае Антыкарупцыйную платформу, у якой прапаноўваеццца комплексны падыход да гэтай праблемы, – нагадаў палітык:
– Многія рэчы, якія закладзены ў платформе, патрабуюць уладных паўнамоцтваў для таго іх здзейсніць. Тое, што датычыць заканадаўства, рэформы адміністратыўнай сферы, празрыстасці працэдур, свабоды СМІ, выбарнасці ўлады – усё гэта можна рэалізаваць толькі атрымаўшы ўладныя інструменты. Але, з іншага боку, мы як раз хочам паказаць, што без удзелу грамадства, без удзелу людзей, гэтую сітуацыю зламіць нельга.
Сяргей Калякін лічыць, што ўлада не здольна змяніць правілы гульні, якія склаліся за апошнія 20 гадоў. І яны нечым падобныя на тыя, паводле якіх існуе арганізаваная злачыннасць. „І там існуюе іерархія, хто і колькі можа ці павінен скрасці, на якой тэрыторыі, якую долю неабходна даць наверх, у абшчак. Гэта падобна на сённяшнюю дзяржаўную сістэму ў Беларусі. Існуючая ўлада не можа змяніць яе, таму што гэта фактычна азначала б змагацца супраць самой сябе. Змяніць яе могуць толькі самі людзі, грамадзяне краіны,” – лічыць Калякін.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя