Анатоль Лябедзька: Вызначаны пяць найважнейшых задач



Пратэсты ўжо не спыніць. Такую думку агучылі лідары правацэнтрысцкай кааліцыі на сваёй сумеснай прэс-канферэнцыі. На іх думку вельмі важна, каб усе дэмакратычныя сілы аб’ядналіся і працягвалі сваю працу, асабліва ў рэгіёнах.

Вызначаны пяць найважнейшых задач, якія правацэнтрысцкая кааліцыя лічыць прыярытэтнымі і патрабуе адпаведнай рэакцыі з боку ўладаў, кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

– Першае, спыніць і вызваліць усіх, хто сёння знаходзіцца за кратамі. Другое патрабаванне, безумоўная адмена Дэкрэта №3. Трэцяе, мы патрабуем, каб заява Лукашэнкі пра магчымасць грамадзянам Беларусі свабодна збірацца ў сваіх гарадах была рэалізавана на практыцы. Чацьвёртае, новы эканамічны курс. Пятае, свабодны, сумленныя выбары.

Лідары правацэнтрысцкай кааліцыі Анатоль Лябедзька, Юрый Губарэвіч і Віталь Рамашэўскі адбывалі адміністратыўны арышт за ўдзел у Маршы недармаедаў у Маладзечне. Улады арыштавалі іх з разлікам, каб яны не змаглі ўзяць удзел у святкаванні Дня Волі ў Менску.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск