Анатоль Ляўковіч: Апазіцыя даўно маргіналізавана



Кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Рэспубліканскага грамадскага асветніцкага аб’яднання “Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю” Анатоль Ляўковіч распавёў, ці вінавата апазіцыя ў нізкім рэйтынгу.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая звярнулася ў сацыяльных сетках да ўсіх нераўнадушных людзей з прапановай абмеркаваць “вельмі нізкі рэйтынг беларускай апазіцыі”.

“Што не так у яе дзейнасці? – задаецца пытаннем дэпутатка і сябра АГП. – У чым прычына? Дасылайце адказы…”

Анатоль Ляўковіч: Я ўжо неаднаразова казаў, што для таго, каб была моцная апазіцыя, неабходны рэальны палітычны працэс. А яго няма. Дык адкуль жа возьмуцца моцныя структуры, якія б былі ў апазіцыі да ўлады? І Ганне Канапацкай добра было б гэта ведаць, бо пра неабходнасць палітычнай мадэрнізацыі краіны ўжо шмат раз казалі і пісалі. А зараз дэпутатка хоча вынайсці нейкі новы веласіпед?

РР: Адным словам, віны апазіцыі ў нізкім рэйтынгу няма?

Анатоль Ляўковіч: Чаму няма? Справа ў тым, што наша “штатная” апазіцыя даўно маргіналізавана, і эксперты на гэта ўказвалі таксама неаднаразова. Але ў калідорах улады таксама ёсць людзі, якія разумеюць, што палітычны працэс па меншай меры павінен прысутнічаць. У якой ступені – гэта ўжо іншая размова. Вось, напрыклад, сёння ідуць размовы пра змены ў Канстытуцыі, частковую перадачу ўлады кіраўніком краіны, і многія не вераць, што адбудзецца нейкае радыкальнае дэмакратычнае рэфармаванне Асноўнага закона. Але ж целарухі ў гэтым накірунку з’явіліся, значыцца ўлада таксама разумее, што без палітычнай мадэрнізацыі краіны немагчыма далейшае развіццё Беларусі. А будзе такая мадэрнізацыя – мадэрнізуецца і апазіцыя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bk-brest.by