Анатоль Ляўковіч: Са слабымі ніхто лічыцца не будзе
Кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Рэспубліканскага грамадскага асветніцкага аб’яднання “Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю” Анатоль Ляўковіч распавёў, чаму ўлада не бачыць у апазіцыі саперніка.
Анатоль Ляўковіч: Калі казаць пра будучую парламенцкую кампанію, то я казаў і кажу, што апазіцыя павінна прымаць у ёй удзел, бо ніхто не стане адмыслова ствараць для яе нейкія спрыяльныя ўмовы. Гэта законы палітыкі, і трэба выкарыстоўваць тое, што ёсць. Калі апазіцыя ігнаруе палітычныя кампаніі, то яна перастае быць суб’ектам палітыкі. Іншая справа, што ў Беларусі павінен быць рэальны палітычны працэс, а не віртуальны. І гэта ўжо другое пытанне. Але ж і ў гэтых умовах трэба не толькі існаваць, але і працаваць.
РР: Каб быў рэальны палітычны працэс, павінны быць сапраўдныя выбары. Ці не так?
Анатоль Ляўковіч: Безумоўна, але ж відавочна, што ўлада пераследуе ў першую чаргу свае інтарэсы. Няўжо нехта думае, што сёння прадстаўнікі апазіцыі ўнеслі ў ЦВК свае прапановы, а заўтра іх кінуцца выконваць? Не будзе такіх падарункаў. У палітыцы ўмовы дыктуе той суб’ект, які больш моцны. І, калі апаненты слабыя і нічога з сябе не ўяўляюць, то такое да іх і стаўленне. Але, калі апазіцыя зусім нічога не будзе рабіць, то тады, можа быць, ім лепш так і не называцца. Хаця і справы могуць быць рознымі. Напрыклад, зараз кажуць пра нейкія сем адзіных спісаў кандыдатаў ад дэмакратычнай грамадскасці. Але, наколькі памятаю, за ўсю гісторыю быў створаны толькі аднойчы адзіны спіс, калі былі Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Але ж вынікі выбараў тады ўсё роўна былі не на карысць апазіцыі. А сёння яна наогул не паднялася да ўзроўню аб’яднання.
РР: Але ж на нядаўнім Кангрэсе якраз і казалася пра жаданне аб’яднаць апазіцыю…
Анатоль Ляўковіч: Мне здаецца, што сам Кангрэс – гэта аванцюра. Я, дарэчы, сказаў Мікалаю Статкевічу, калі той прыязджаў у Брэст: “Вы напачатку сацыял-дэмакратаў аб’яднайце, а затым ужо заяўляйце пра яднанне апазіцыі”. І на самай справе – пачніце спачатку з сябе. На мой погляд, сёння падарвалі саму ідэю нацыянальнага Кангрэса. Гэта ж павінен быць не балаган, а сур’ёзнае мерапрыемства з такой жа падрыхтоўкай. Ізноў-такі – усё ўпіраецца яшчэ і ў лідараў апазіцыі. А якія ў нас лідары? Тыя, хто на сваіх пасадах ужо па 20 гадоў, і, якія крытыкуюць Лукашэнку, што той таксама ва ўладзе 20 гадоў. Таму няма ў апазіцыі ні ратацыі, ні свежых сілаў, ні яднання. Ім ужо, магчыма, і самім надакучыла гэтая барацьба. Няма сілаў. А са слабымі ніхто лічыцца не будзе. Так у палітыцы было заўсёды.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя