Анатоль Ляўковіч: У беларускай апазіцыі няма ніякіх перспектыў



Так песімістычна ацэньвае падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў дэмакратычных партый і рухаў старшыня аргкамітэта рэспубліканскага грамадска-асветніцкага аб’яднання «Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю», сябра БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч. Па яго словах, апазіцыя крытыкуе Лукашэнку за тое, што той сядзіць ва ўладзе ўжо 20 гадоў. «Але і лідары апазіцыі ў нас нязменныя», – кажа палітык:

– Мы бачым спробы піяру некаторых нашых гульцоў дзеля прадаўжэнння свайго „грантаўскага жыцця” ў палітычным працэсе Беларусі. Калісьці Пазняк, калі пайшлі першыя гранты праз Украіну, сказаў так: “Гэта не кепска – падтрымаць неяк апанентаў улады. Але гэта можа быць і гібеллю гэтай апазіцыі.

«Сёння апазіцыя згубіла свой твар», канстатуе Анатоль Ляўковіч, які ў камандах кандыдатаў прымаў удзел амаль ва ўсіх выбарчых кампаніях суверэннай Беларусі. Пры гэтым палітык адзначае, што ў беларускай апазіцыі сёлета няма нават платформы, з якой можна ісці да выбаршчыкаў.

Вылучэнне Міколы Статкевіча ў якасці адзінага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі дапамагло б захаваць твар беларускай апазіцыі, – лічыць Анатоль Ляўковіч. З дзейсных палітыкаў больш няма людзей, якія адказвалі б за свае словы ўчынкамі, а таму альтэрнатывы Статкевічу – няма, – кажа Ляўковіч:

– Паколькі ніхто не хоча гуртавацца вакол нейкай платформы і паміж сабой ніяк не можа дамовіцца, у такіх умовах апаненты ўлады маглі б падтымаць гэтую палітычную кампанію, якая дазволіць захаваць твар традыцыйных беларускіх апазіцыйных лідараў.

Раней аб падтрымцы ідэі вылучэння палітвязня Міколы Статкевіча ў якасці кандыдата ў прэзідэнты на выбары 2015 года заявілі многія апазіцыйныя палітычныя лідары, але афіцыйна такую кампанію пакуль ніхто так і не распачаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info