Анатоль Ляўковіч: Улада вымушана адступіцца ад старых правілаў
Кіраўнік аргкамітэта па стварэнні Рэспубліканскага грамадскага асветніцкага аб’яднання “Сацыял-дэмакраты за дыялог і кансалідацыю” Анатоль Ляўковіч распавёў пра станоўчыя моманты таго, што “ў парламент патрапілі прадстаўнікі дэмакратычнага грамадства”.
Анатоль Ляўковіч: Сёння, як я бачу, шмат дыскусій наконт таго, ці патрэбна было Канапацкай і Анісім адмовіцца ад мандатаў, ці добра, што яны ў парламент патрапілі, ці дрэнна гэта… Людзі добрыя, пра што мы спрачаемся? Калі апазіцыя хоча нечага дабівацца, яна павінна ўключацца ў сістэмны палітычны працэс. І павінна быць прадстаўлена ў нейкіх уладных структурах. Гэта нармальная рэч, у нармальных краінах так і робіцца. Таму радавацца трэба, што сёння Ганна Канапацкая і Алена Анісім сталі дэпутаткамі. Мы сёння не ставім пытанне, якім чынам гэта адбывалася, а канстатуем факт: яны там апынуліся і будуць працаваць.
РР: Але на які рэальны эфект можна разлічваць ад гэтай працы?
Анатоль Ляўковіч: Тая ж Ганна Канапацкая прадстаўляе Аб’яднаную грамадзянскую партыю, і відавочна, што партыя будзе ёй дапамагаць у працы. Што ў тым дрэннага, што па сутнасці АГП далі парламенцкую трыбуну? Што дрэннага ў тым, што Алена Анісім, якая працуе намесніцай старшыні Таварыства беларускай мовы, у парламенце стане агучваць моўныя праблемы ў краіне? Гісторыю робіць тое, што павінна адбывацца і адбываецца. І ўлада вымушана адступіцца ад старых правілаў, калі парламент быў “стэрыльны”. Само жыццё і час падштурхоўваць яе да гэтага. Таму ўсё ідзе сваім шляхам.
РР: Можа варта і надалей чакаць нейкія крокі па дэмакратызацыі грамадства?
Анатоль Ляўковіч: Новыя крокі абавязкова будуць зроблены. Важна толькі, якімі тэмпамі гэта будзе адбывацца. Але працэс пайшоў, і нікуды ад гэтага не падзенешся. Нам, безумоўна, хочацца прыспешыць працэс, але давайце пагадзімся, што тут умовы дыктуе не апазіцыя, а час і нейкія знешнія фактары.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя