Анатоль Міхнавец: Прыйшоў час развітвацца з ілюзіямі
Чарговыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў 2015 годзе, а сітуацыя ў стане беларускай апазіцыі ды ў грамадстве нашмат горшая, чым была ў ранейшыя гады – адзначае старшыня Звязу для дэмакратыі ў Беларусі Анатоль Міхнавец. Да 2010 году было пашырана меркаванне, што калі на Плошчу выйдзе 100 тысяч чалавек, то рэжым рухне і дэмакратычныя сілы атрымаюць перамогу, але практыка паказала, што гэта не так, – кажа актывіст:
– Гэта ўсё нашыя мары, ілюзіі, гэтага нічога няма. На сёння апазіцыя практычна не існуе. Засталіся гурткі дысыдэнтаў, якія ў асноўным змагаюцца за месца быць надрукаванымі ў нейкай газеце, на сайце і за дапамогу, каб праводзіць сваю дзейнасць. Таму не будзе, на мой погляд, ніякага адзінага кандыдата, нават калі ён будзе, ён будзе ісці па нейкаму калідару, каб не нарабіць бяды – ні для сябе, ні для сваёй партыі, ні для сваёй каманды.
На думку Анатоля Міхнаўца, цяпер для беларускага народу ёсць толькі адно выйсце – новае адраджэнне. Гэта тое, што рабіў у свой час Народны фронт, калі праводзіў адукацыйныя праграмы. Толькі калі народ будзе ведаць, чым насамрэч быў Савецкі саюз, якая сапраўдная гісторыя Беларусі, толькі тады падымецца яго самасвядомасць і можна разлічваць на перамогу, – лічыць актывіст.
Андрэй Пачобут і Анатоль Міхнавец
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя